"Будзь багаты, як восень!"– гаварылі нашы продкі з надыходам дня асенняга раўнадзенства, калі палі ўжо былі ўбраны, пшаніца даўно нарыхтавана, а лісце на дрэвах пакрылася вераснёўскім золатам. Менавіта ў гэты дзень, згодна з народным календаром, беларусы праводзілі захаваны яшчэ з язычніцкіх часоў абрад "Багач", які 30 верасня паказалі гасцям літаратурнага музея Янкі Купалы на малой радзіме беларускага песняра – у вёсцы Вязынка Маладзечанскага раёна…
Свята ўраджаю, па традыцыі, пачыналася з таго, што кожная сям’я прыносіла ў агульны кораб – "лубок" – па жменьцы зерня, абмалочанага з першага снапа на "зажынках". Пасля гэтага ў доме, дзе на працягу ўсяго года захоўваўся "Багач", свяшчэннік праводзіў малебен "За новы ўраджай i Божую шчодрасць да людзей". Завяршаўся абрад сімвалічным кругам: пасля запальвання першага хатняга агню – васковай свечкі ў лубку з зернем – жыхары вёскі абходзілі ўсе дамы, лічачы, што так засцерагуць свае сем’і ад хвароб і няшчасця. А яшчэ, лічылася, што "Багач", які захоўваўся ў чырвоным куце дома, служыў своеасаблівым абярэгам для вёскі, а для яго гаспадара – залогам дабрабыту і дастатку.
Cамыя цікавыя моманты старадаўняга абраду "Багач" – у рэпартажы з вёскі Вязынка.