"Хрыстос Уваскрэсе!" – добрая вестка пра цуд уваскрэсення Ісуса Хрыста зноў абляцела праваслаўны свет. Як адбываецца ўжо многія стагоддзі, напярэдадні Вялікадня благаславеннем для хрысціян стала сашэсце Жыватворнага агню ў іерусалімскім храме Гроба Гасподняга, які ўзведзены над месцам, дзе быў распяты, пахаваны, а затым уваскрэс Сын Божы. Галоўнаму святу ў царкоўным календары папярэднічаў самы працяглы (48 дзён) і строгі – Вялікі – пост, які пачаўся 27 лютага і завяршыўся Перадвелікодным тыднем, прысвечаным апошнім дням зямнога жыцця Хрыста…
Вялікая Субота, якую часта называюць Ціхай, у праваслаўі азначае завяршэнне Тыдня пакут Хрыста і заключны дзень Яго зямнога шляху. З самай раніцы праваслаўныя вернікі завяршалі традыцыйную падрыхтоўку да велікоднай трапезы, асвячаючы кулічы, тварожныя пасхі і фарбаваныя яйкі ў храме. У гэты дзень прынята духоўна настройвацца на свята, дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, прасіць прабачэння і дараваць крыўды.
З вечара ў праваслаўных цэрквах пачаліся літургіі, а да пачатку святочнага богаслужэння ў галоўны храм сталіцы – Святадухаўскі кафедральны сабор – беларускія паломнікі даставілі з Іерусаліма Жыватворны агонь. Менавіта тут у 23.10 пачалася Усяночная служба з Канонам Вялікай Суботы, якая прадоўжылася хрэсным ходам вакол храма. Узначаліў урачыстую літургію Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Звяртаючыся да паствы ў сваім велікодным пасланні, уладыка Веніямін адзначыў: "Уваскрэсенне Хрыстова – гэта маяк у бурлівым моры, які заўсёды паказвае нам на тую трывалую аснову нашай веры і нашай радасці, якую ніхто і нішто не зможа ў нас адабраць". Ён выказаў перакананне, што "кожны з нас у гэты няпросты час можа памножыць меру дабра і любові на тым месцы, дзе яго прызначыў Гасподзь". Кіраўнік праваслаўнай царквы пажадаў вернікам: "Няхай святло велікоднай радасці асвятляе сэрца кожнага чалавека, а слова пра Крыж і Уваскрэсенне заўсёды жыва і дзейсна пранізвае ўсе нашы думкі і кожны наш учынак".
Віншаванне праваслаўным хрысціянам Беларусі адрасаваў і кіраўнік дзяржавы. У гэтым годзе светлае свята Вялікадня Аляксандр Лукашэнка сустрэў у родных мясцінах, наведаўшы Спаса-Праабражэнскі храм у Шклове. Тут разам з сынам Мікалаем ён запаліў свечку, паразмаўляў з вернікамі і ўручыў настаяцелю храма протаіерэю Андрэю Рыбкову абраз "Гасподзь Уседзяржыцель". Прэзідэнт пажадаў суайчыннікам "жыць мірна, спакойна, шчасліва" і адзначыў: "Калі мы будзем займацца сваёй справай, кожны сваёй справай, мы захаваем (мір. - Заўвага) – мы захаваем, мы зробім неверагоднае. У гэтай сітуацыі мы захаваем мір на гэтай зямлі, калі вакол усё бурліць, шуміць".
Як праваслаўныя вернікі святкавалі Вялікдзень – у рэпартажы з розных куткоў Беларусі