Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнцкія выбары-2025 у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Стары замак у Гродне: новая экспазіцыя адкрылася для наведвальнікаў пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ

Стары замак у Гродне: новая экспазіцыя адкрылася для наведвальнікаў пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ

Стары замак у Гродне: новая экспазіцыя адкрылася для наведвальнікаў пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ
8 Ліс 2021

Жамчужына каралеўскага Гродна – Стары замак – вось ужо многія стагоддзі ўзвышаецца на правым беразе Нёмана недалёка ад вусця ракі Гараднічанкі і помніць сапраўды дзіўныя падзеі. Разам з Новым замкам сёння ён уваходзіць у топ-10 самых наведвальных славутых мясцін захаду Беларусі. У 2017-м тут пачалася маштабная рэканструкцыя, першы этап якой завяршыўся восенню 2021-га: 5 лістапада адкрылася музейная экспазіцыя з інтэрактыўнымі зонамі, прысвечанымі не толькі гісторыі аднаго з найстарэйшых замкаў Беларусі, але і мінуламу ўсяго Гродзенскага краю.

Гісторыя Старога замка пачалася яшчэ ў XI стагоддзі, калі ён уяўляў сабой абарончае збудаванне, акружанае ровам і ярам. З 1391 года тут размяшчалася адна з важнейшых рэзідэнцый вялікага князя літоўскага Вітаўта, таму мінулае замка непарыўна звязана з жыццём легендарнага правіцеля. Паводле аднаго з паданняў, пажар, што ахапіў рэзідэнцыю ў 1398-м, ледзь не знішчыў не толькі будынак, але і гаспадароў. А разбудзіла варту і выратавала ад немінучай гібелі Вітаўта і яго жонку… малпа. Паводле іншай версіі – марскі коцік, які быў любімцам гаспадара і жыў пры двары.

Каб пазбегнуць паўтарэння катастрофы, па загадзе Вітаўта ў 1400 годзе на месцы ранейшых драўляных будынкаў быў узведзены мураваны замак у стылі готыкі. На той момант гэта было ўражальнае абарончае збудаванне, што па форме нагадвала трохвугольнік, з пяццю вежамі і моцнымі сценамі, таўшчыня якіх дасягала 3 метраў!

Аднак і ў такім выглядзе Стары, або Верхні замак доўга не праіснаваў. У 1579-м кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стафан Баторый запрасіў у Гродна вядомага італьянскага архітэктара Санці Гучы, пры якім гатычны замак ператварыўся ў рэнесансны палац. У той жа час на тэрыторыі замка была пабудавана Ніжняя царква, ад якой да нашых дзён захаваліся фундамент і фрагменты сцен.

Поўнае разбурэнне замка адбылося ў 1655-м – у час руска-польскай вайны 1654–1657 гадоў. Пасля таго яго аднаўленнем займаўся гродзенскі стараста і канцлер літоўскі Крыштоф Зыгмунт Пац. Паўплывала на знешні выгляд замка і прынятае ў 1673 г. рашэнне аб правядзенні ў Гродне кожнага трэцяга сейма Рэчы Паспалітай. Спецыяльна для гэтага пры Аўгусце III каля сцен Старога замка ўзвялі спецыяльны будынак, які пасля быў разбураны шведамі ў час Паўночнай вайны.

Першая рэканструкцыя ў гісторыі замка пачалася ў 1729 годзе, калі ў адпаведнасці з задумай архітэктара Карла Фрыдрыха Пёпельмана флігелі знеслі, уздоўж сцяны да Нёмана пабудавалі казарму, двор выбрукавалі, а над цэнтральнай часткай палаца ўзвялі трэці паверх. Спачатку тут жылі служачыя караля і знаходзіліся гаспадарчыя службы, а ў XIX – пачатку XX стст. ён канчаткова ператварыўся ў стратэгічны ваенны фарпост для рускіх, нямецкіх і польскіх армій. На працягу 120 гадоў замак знаходзіўся ў веданні ваеннага ведамства Расійскай імперыі, а ў 1924 годзе тут быў створаны музей.

З 1967-га гродзенскі Стары замак з'яўляецца гісторыка-археалагічным запаведнікам "Замкавая гора". А з 2017 года тут вядзецца маштабная рэканструкцыя, прызначаная вярнуць архітэктурнай жамчужыне Гродна былы выгляд. У лістападзе 2021 года завяршыўся першы этап, што прадугледжваў узвядзенне ўязной і сярэдняй вежаў, аднаўленне крапасной сцяны з галерэяй паміж вежамі, будаўніцтва мернай хаты і камяніцы. Ужо сёння госці могуць азнаёміцца з інтэрактыўнай экспазіцыяй у сямі залах, а таксама ўбачыць археалагічныя знаходкі з Замкавай гары. Сярод іх – залаты пярсцёнак, зробленыя з рога фрагмент шахматнай дошкі і шахматныя фігуры – пешка і ладдзя XIV стагоддзя, часткі металічных вырабаў канца XIV – пачатку XV стагоддзяў і нават ядры аблогавых машын XIV стагоддзя! Акрамя таго, тут можна паспрабаваць тэхналогію стварэння гравюр у сярэдневяковай друкарні і атрымаць асалоду, назіраючы за краявідамі гістарычнага цэнтра з агляднай пляцоўкі.

Стары замак у Гродне восенню
Стары замак у Гродне восенню
Стары замак у Гродне восенню
Стары замак пасля першага этапу рэстаўрацыі
Стары замак у Гродне восенню
1 2 3 4 5      Наступная