Старадаўняе земляробчае свята ў гонар заступніка сялянскай нівы і дамашніх жывёл Святога Юрыя жыхары вёскі Ахонава Дзятлаўскага раёна святкуюць спакон веку і шануюць як "Другі Вялікдзень".
Удзельнікі мерапрыемства разам з народнай фальклорнай групай прайшлі па вёсцы, спыняючыся каля крыжоў, каб у абрадавых песнях папрасіць у Святога Юрыя заступніцтва, багатага ўраджаю, добрага надвор'я, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.
Лакальная асаблівасць свята – традыцыйны абход маладых, якія павянчаліся на працягу года. Аўтэнтычны абрад з Ахонава – першы элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Гродзенскай вобласці, які занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.