Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнцкія выбары-2025 у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ: касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Гервяты

СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ: касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Гервяты

СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ: касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Гервяты
8 Кст 2021

Вёска Гервяты, размешчаная ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці, вядома далёка за межамі Беларусі. Тысячы турыстаў яна прыцягвае сваёй архітэктурнай жамчужынай – цудоўным неагатычным касцёлам Святой Тройцы. Пабудаваны ў цяперашнім абліччы ў 1903 годзе, сёння ён уваходзіць у топ-3 самых высокіх храмаў (61 м) краіны разам з вядомымі каталіцкімі святынямі ў Будславе (62 м) і Відзах (59 м). За прыгажосць і веліч яго называюць беларускім Нотр-Дамам.

Першыя згадванні пра Гервяты ў пісьмовых крыніцах адносяцца да 1434 года. А мясцовы касцёл абавязаны сваёй гісторыяй віленскаму біскупу Яну, які амаль праз стагоддзе ў 1526 г. заснаваў тут каталіцкі прыход і заклаў драўляны храм. У такім выглядзе пабудова прастаяла да канца ХІХ стагоддзя.

У 1896 годзе малады настаяцель Уладзіслаў Альшэўскі загарэўся ідэяй узвесці на месцы драўлянага каменны храм. Сродкі на будаўніцтва ўсім светам збіралі самі прыхаджане, у тым ліку і ўладальнікі Гервят – прадстаўнікі шляхетнай сям'і Дамейка. Да 1898 года галоўны архітэктар Віленскай губерні Аляксей Полазаў распрацаваў праект будынка, і ў маі 1899-га на месцы старога драўлянага храма пачалося будаўніцтва пад кіраўніцтвам віленскага дойліда Вацлава Міхневіча.

Тым не менш, у 1900 годзе па жаданні вернікаў былі ўнесены значныя змяненні ў праект ужо будуемага касцёла: з гэтага часу яму наканавана было стаць больш вытанчаным і велічным, са сценамі з ярка-чырвонай цэглы, якая выраблялася тут жа на спецыяльна пабудаваным цагельным заводзе. Праект удасканальвалі сам настаяцель і яго родны брат інжынер Ігнат Альшэўскі, мастак Антоній Каліноўскі.

Будаўніцтва (1899–1903) вялося актыўна і карпатліва: штодзень у работах прымалі ўдзел амаль 70 чалавек. Пры гэтым сяляне з усёй акругі збіралі курыныя яйкі, якія дабаўлялі ў вапнавы раствор для трываласці мура. Астатнія матэрыялы і чарапіцу прывозілі з Германіі. Цікава, што архітэктарам нават давялося змяніць рэчышча мясцовай ракі Лошы, каб грунтавыя воды не размывалі фундамент.

Нягледзячы на перашкоды, будаўнікі не адступілі ад першапачатковай задумы і выканалі праект у адпаведнасці з канонамі серэдневяковага гатычнага стылю. Аркбутаны, што падпіраюць бакавыя сцены, вытанчаныя аркі, бязважкія, падобныя да палатна тканіны, металічныя каваныя дэталі, стральчатыя аконныя праёмы ў нішах, вітражы з каляровага шкла, драўляныя статуі і разныя крыжы – усё было вельмі гарманічна.

Пры ўяўнай прастаце ўнутранага ўбрання храма яго асаблівасцю з'яўляюцца тры драўляныя алтары з дуба: галоўны паказвае выяву Ісуса Хрыста, святых Паўла і Пятра, бакавы – вобраз Божай Маці Вастрабрамскай. Тут жа знаходзяцца драўляныя скульптуры двух разбойнікаў (вышынёй 2,3 м), якія, паводле легенды, былі распяты разам з Хрыстом на Галгофе. Іх фігуры выразаны вядомым майстрам Валянцінам Багдзевічам. Скульптура Дзісмаса знаходзіцца ў правым нефе, Гестаса – з іншага боку ад распяцця. Скарб храма – унікальны абраз "Святы Іосіф з дзіцем" 1514 года ў стылі барока: кажуць, ён перайшоў сюды яшчэ са старога драўлянага касцёла.

Нягледзячы на рэвалюцыі і войны ХХ стагоддзя, касцёл Святой Тройцы заставаўся адным з нешматлікіх каталіцкіх храмаў, якія не спынялі службу нават у савецкі час. Сёння храм у Гервятах з'яўляецца гонарам мясцовых жыхароў і Гродзенскай вобласці, уваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі і, вядома, уключаны ў турыстычныя маршруты. Шмат у чым сваёй рэстаўрацыяй і аднаўленнем касцёл абавязаны настаяцелю Леаніду Несцюку (з 1996 па 2017 гады), які не толькі вярнуў святыні былую веліч, але і стварыў вакол яе выдатны ландшафтны парк "Сад апосталаў". Яго ўпрыгожваюць рэдкія віды раслін і кустоў, кветак, разныя драўляныя крыжы, беласнежныя статуі архангела Міхаіла і 12 апосталаў.

Штогод у Гервятах праводзіцца міжнародны Троіцкі фестываль, таксама многія вернікі прыязджаюць на ўрачыстасці з нагоды святкавання Дня Святой Тройцы (57-ы дзень пасля Вялікадня). 

Шпіль касцёла Святой Тройцы вянчае крыж вышынёй 6 метраў
Касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Гервяты
СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ: касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Гервяты
Касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Гервяты
"Сад апосталаў" каля касцёла Святой Тройцы
1 2      Наступная