Адна з прыгажэйшых казак Шарля Перо – "Папялушка" – ужо на працягу 300 гадоў натхняе на стварэнне шэдэўраў кампазітараў, балетмайстраў, рэжысёраў з усяго свету. Гісторыя аб працавітай дзяўчыне, якая насуперак усяму змагла знайсці каханне, захапіла і рускага генія Сяргея Пракоф'ева. У лістападзе 1945 года прэм'ера балета "Папялушка" адбылася на сцэне Вялікага тэатра ў Маскве. Беларускі глядач упершыню ўбачыў балет на роднай сцэне ў 1965-м у пастаноўцы Расціслава Захарава, а яшчэ праз 44 гады – у 2009-м – за спектакль узяўся балетмайстар Юрый Пузакоў. Новая прэм'ера легендарнага балета на сцэне Вялікага тэатра адбудзецца дзякуючы аўтарам харэаграфіі і балетмайстрам-пастаноўшчыкам, сямейнаму дуэту – народнаму артысту Беларусі Канстанціну Кузняцову і заслужанай артыстцы Беларусі Юліі Дзятко.