Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Праваслаўнае Раство Хрыстова ў Беларусі

Праваслаўныя вернікі адзначылі Раство Хрыстова

Праваслаўныя вернікі адзначылі Раство Хрыстова
7 Стд 2023

Праваслаўныя вернікі 7 студзеня адзначылі адно з галоўных свят царкоўнага календара – Раство Хрыстова. Падрыхтоўка да яго азнаменавалася 40-дзённым строгім постам. Лічыцца, што абмежаваннямі ў ежы людзі рыхтуюць цела, а шчырымі малітвамі – душу да радаснай весткі аб Нараджэнні Збавіцеля. Урачыстасці ў храмах па ўсёй Беларусі пачаліся ўвечары 6 студзеня: вернікі ўз'ядналіся ў малітве і чаканні з'яўлення на небе першай зоркі.

Усяночнае трыванне на вялікае павячэр'е ў галоўным праваслаўным храме Беларусі – Мінскім кафедральным Святадухаўскім саборы – пачалося ў 18.00. Яго ўзначаліў прадстаяцель Беларускай праваслаўнай царквы Мітрапаліт Веніямін. Для тых, хто не мог прысутнічаць на службе, вялася прамая трансляцыя ўсяночнага трывання і Боскай літургіі, якая пачалася роўна апоўначы. Упершыню па просьбах тэлегледачоў калядныя богаслужэнні паказалі ў суправаджэнні сурдаперакладу.

У сваім ранішнім святочным пасланні Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі звярнуўся да праваслаўных вернікаў краіны, адзначыўшы, што на Раство "мы ўспамінаем тое вялікае, што зрабіў для нас Збавіцель свету, прыйшоўшы на зямлю дзеля кожнага чалавека". Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы пажадаў вернікам у новым годзе шматлікіх міласцей Божых, благаславенняў, добрага здароўя, у згодзе і любові праводзіць дні настаўшага года.

На Раство кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка наведаў комплекс Свята-Лісавецінскага жаночага манастыра ў Мінску. У храме ў імя свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага Прэзідэнт запаліў калядную свечку, ад усёй душы павіншаваў са светлым святам праваслаўных вернікаў і людзей іншых канфесій.

"Гэта сапраўды светлае свята. І праваслаўе – толькі нагода для ўсіх грамадзян Беларусі праваслаўнага, каталіцкага (веравызнання. – Заўвага), мусульман – для ўсяго свету нагода адзначыць гэта светлае свята. Але для нас, праваслаўных людзей, гэты дзень і свята асаблівыя. Таму ад усяго сэрца хачу павіншаваць вас з гэтым святам і пажадаць галоўнага – здароўя, – сказаў кіраўнік дзяржавы.– Я жадаю вам Божага благаславення і моцнага-моцнага здароўя". Асаблівыя пажаданні Прэзідэнт адрасаваў бацькам – каб дзеці прыносілі радасць, былі гонарам для сям'і і краіны.

Завяршальнае богаслужэнне адбылося 7 студзеня – Вялікая вячэрня, на якую сабраліся настаяцелі сталічных храмаў. Прадоўжыцца святкаванне Раства Хрыстовага да Хрышчэння Гасподняга – 19 студзеня. У беларускім календары, дзе цесна перапляліся рэлігійныя і народныя традыцыі, гэтыя тыдні называюць Калядамі – часам весялосці, каларытных абрадаў і пажаданняў дабра ўвесь будучы год.

На фота: вялікае павячэр'е ў Гродзенскім Свята-Раства-Багародзічным жаночым манастыры