Адзінства – галоўная ўмова захавання дзяржавы, пытанне выжывання як нацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на патрыятычным форуме "Мы - беларусы!", прысвечаным Дню народнага адзінства.
"У дзень пачатку лёсавызначальнага вызваленчага паходу Чырвонай Арміі мы адзначаем адно з самых галоўных дзяржаўных свят – Дзень народнага адзінства. Адзінства, загартаванага ў самаадданай барацьбе за сваю нацыянальную годнасць. Мы ганарымся непахіснай воляй тых, хто не скарыўся антычалавечаму рэжыму. Тых, хто пайшоў у падполле, вёў вызваленчую партызанскую вайну, супраціўляўся палітыцы насільнай асіміляцыі. Не было б такога маштабнага ўсенароднага супраціўлення – не было б уз'яднання беларускага народа ў 1939 годзе ў адзінай дзяржаве. І не было б сучаснай суверэннай Беларусі, калі б не створаныя ўмовы для развіцця нашай нацыі ў сям'і савецкіх народаў. Мы гэта ведаем. Мы гэта памятаем", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Як тады, так і сёння адзінства для нас – галоўная ўмова захавання і жыцця нашай дзяржавы. А значыць, пытанне выжывання нас як нацыі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, 17 верасня – гэта адна з трох гістарычных дат у Беларусі разам з 9 Мая (Дзень Перамогі) і 3 ліпеня (Дзень Незалежнасці), якія даюць магчымасць азірнуцца ў мінулае, каб моцна трымаць у руках сваю сучаснасць і абараняць будучыню.
"Гэтыя даты аб'ядноўваюць нас, сучасных беларусаў, у імкненні абараніць сваю гістарычную памяць у імя міру на роднай зямлі, - сказаў Прэзідэнт. - Яшчэ раз падкрэсліваю: мы не агрэсары. Наш народ па сутнасці не можа быць агрэсарам. Мы нікому не пагражаем і ніколі не будзем пагражаць. Гэта не наша палітыка. Ды і аб'ектыўна мы нікому не можам пагражаць. Але сябе абараняць, былі б мы моцнымі або слабымі, мы абавязаны. Гэта наша гістарычная роля, нашых пакаленняў, якія жывуць сёння ў Беларусі".