Беларускія спартсменкі заваявалі 11 залатых узнагарод на 17-м міжнародным турніры па мастацкай гімнастыцы на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач, які праходзіў 19-20 кастрычніка ў Мінску. Ён сабраў у Палацы мастацкай гімнастыкі прадстаўніц дзевяці краін. Для многіх грацый спаборніцтвы сталі добрай праверкай сіл перад чэмпіянатам Еўропы, які ў наступным годзе пройдзе ў Кіеве.
Галоўны прыз спаборніцтваў – імянная статуэтка Марыны Лобач – дастаўся Дар'і Ткачовай. Яна перамагла ў юніёрскім мнагабор'і з рэзультатам 74,200 бала. У аналагічным відзе праграмы сярод гімнастак 2007-2008 гадоў нараджэння роўных не было Аліне Рэчкінай (65,250). Яна апярэдзіла пераможцу мінулагодніх спаборніцтваў Дар'ю Грохатаву. У камандзе золата заваявалі Дар'я Грохатава, Аліна Рэчкіна, Арына Краснаруцкая, Дар'я Ткачова.
У нядзельных фіналах асобных відаў дзве ўзнагароды вышэйшай вартасці ў калекцыі Арыны Краснаруцкай – з мячом (19,450) і стужкай (18,550). Дар'я Ткачова выйграла ў кампазіцыі з булавамі (19,900), Дзіна Агішава – са скакалкай (18,750).
Сярод грацый 2007-2008 гадоў нараджэння двойчы на вышэйшую прыступку п'едэстала ўзнімалася Аліна Рэчкіна – з булавамі і скакалкай. Ніколь Саўчанка выйграла практыкаванне з мячом, Дар'я Грохатава – са стужкай.
Прэзідэнцкім спартыўным клубам былі заснаваны падарункі ўсім удзельніцам спаборніцтваў, у тым ліку персанальныя ўзнагароды ў асобных намінацыях. Уладальніцамі чатырох з іх сталі беларускі. Прыз глядацкіх сімпатый у Паліны Сланчэўскай, за волю да перамогі адзначылі Лізавету Зоркіну. Прыз "Усмешка" дастаўся Дзіне Агішавай. У намінацыі "Надзея" перамагла Дар'я Грохатава.