Першымі, хто апрабаваў магчымасці абноўленага мінскага стадыёна "Дынама", сталі ўдзельнікі міжнароднага лёгкаатлетычнага турніру: маштабныя спаборніцтвы па дысцыплінах "каралевы спорту" сабралі 22-23 чэрвеня вядучых спартсменаў з Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі і Балканскіх краін, а таксама дзясяткі тысяч гледачоў і аўтарытэтных суддзяў – прадстаўнікоў міжнароднай і еўрапейскай федэрацый.
Урачыстая цырымонія адкрыцця турніру прайшла 22 чэрвеня пры ўдзеле старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзіма Дзевятоўскага і кіраўніка Еўрапейскай федэрацыі лёгкай атлетыкі Свена Арнэ Хансэна, які адзначыў, што мінскае "Дынама" ўваходзіць у лік лепшых стадыёнаў, якія ён бачыў за апошнія 50 гадоў. Паводле слоў Вадзіма Дзевятоўскага, турнір з'яўляецца своеасаблівым "экзаменам" напярэдадні стартаў Еўрапейскіх гульняў-2019. У бліжэйшы час тут адбудзецца чэмпіянат Беларусі, а таксама, магчыма, ужо ў 2024-м галоўная спартыўная арэна краіны прыме чэмпіянат Еўропы.
Лёгкаатлетычны матч на дамашняй арэне прыемна парадаваў беларусаў рэкордамі і яркімі сустрэчамі са знакамітымі спартсменамі: прадстаўнікі нацыянальнай зборнай па выніках 15 відаў праграмы набралі 160 ачкоў, апярэдзіўшы ўкраінскіх атлетаў і каманду Балкан, якія набралі па 138 ачкоў. Адкрыла медальны залік Святлана Кудзеліч, якая заваявала золата ў бегу на 3000 м. Медалі вышэйшай пробы таксама прынеслі скакуха ў даўжыню Настасся Мірончык-Іванова і кап'якідальніца Таццяна Халадовіч, якая адправіла снарад на 64 м 54 см.
На працягу двух дзён увага балельшчыкаў была прыкавана да легенд беларускага спорту, і яны апраўдалі чаканні: прызёр чэмпіянату свету-2015 у Пекіне рэкардсменка Беларусі (12,41 сек) у бегу на 100 м з бар'ерамі Аліна Талай пераадолела дыстанцыю за 12,50 сек, другой на гэтай дыстанцыі стала таксама беларуска – сярэбраны прызёр маладзёжнага чэмпіянату Еўропы (U-23) Эльвіра Герман. У кіданні молата не было роўных беларусу Паўлу Барэйшу (77 м 37 см), другім у гэтай дысцыпліне стаў сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Рыа-2016 Іван Ціхан, а бронзавы медаль атрымаў Сяргей Маргіеў (Малдова). Пераможцам у скачках у вышыню стаў беларус Максім Недасекаў (2 м 30 см).