Рэгіянальныя кастынгі на ўдзел у самым прэстыжным конкурсе прыгажосці ў краіне – "Міс Беларусь-2020" – стартавалі 1 лістапада і прадоўжацца да канца снежня. Ён праходзіць ужо 12-ы раз, збіраючы самых чароўных і мэтанакіраваных дзяўчат, гатовых змагацца за тытул пераможцы. Пакуль у лідарах Гродзеншчына: жыхаркі гэтага рэгіёна тройчы заваёўвалі карону – у 1998, 2010 і 2014 гадах. Па дзве перамогі на "Міс Беларусь" у прадстаўніц сталіцы, а таксама Брэсцкай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей.
У новым сезоне кастынгі на конкурс ужо адбыліся ў Брэсце, Наваполацку і Магілёве. Самым шматлікім стаў абласны тур на Магілёўшчыне: з 64 удзельніц рашэннем журы ў фінальны этап прайшлі 42 дзяўчыны.
У адпаведнасці з правіламі, прэтэндаваць на ўдзел у "Міс Беларусь" можа дзяўчына ад 18 да 24 гадоў (на дату правядзення фіналу) з добрымі знешнімі данымі (рост не меншы за 174 см), якая мае грамадзянства Беларусі і пастаянна пражывае на тэрыторыі рэспублікі, якая ніколі не была замужам і не мае дзяцей. Акрамя таго, у пераліку патрабаванняў адзначаецца: на целе не павінна быць татуіровак і пірсінгу.
Аднак, як расказалакіраўнік подыум-школы Nagorny Models, член журы Таццяна Палазкова, у любых правіл існуюць выключэнні. "Калі да нас прыходзіць дзяўчына з ростам 172, але яна абаяльная, артыстычная, раскаваная, пазітыўная, у яе цікавыя творчыя або спартыўныя захапленні, – мы дадзім ёй шанц, таму што яна будзе цудоўнай прэтэндэнткай на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе", – адзначыла яна.
Фінальнае шоу "Міс Беларусь-2020"пройдзе ў маі ў Мінску. Тады і вызначыцца, каму перадасць карону і тытул "Міс Беларусь-2018" Марыя Васілевіч, якая ўпершыню ў гісторыі краіны заваявала званне "Міс Сусвету Еўропа-2018" і нараўне з прадстаўніцамі Мексікі, Ямайкі, Тайланда і Уганды ўвайшла ў топ-5 самых прыгожых дзяўчын свету.
Аб тым, як адбіраюць прэтэндэнтак на карону "Міс Беларусь-2020" – у рэпартажы з кастынгаў.