Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М.@rt.Кантакт" стартаваў у Магілёве 21 сакавіка. Пасля гадавога перапынку – у 2021-м былі прадстаўлены толькі спектаклі беларускіх труп – любімы форум многіх тэатралаў вяртаецца да першапачатковага фармату. Юбілейны фестываль аб'яднаў 11 творчых калектываў з Беларусі, Арменіі, Малдовы і Расіі.
Форум адкрыўся паказам спектакля "Фальшывая нота" мінскага Тэатра-студыі кінаакцёра. Гэта псіхалагічная драма з элементамі дэтэктыва, якая закранае невырашальныя пытанні маралі, асабістага выбару і адказнасці чалавека за свае ўчынкі.
У 2021 годзе спектакль стаў лаўрэатам VI Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія Беларусі" ў намінацыі "Лепшы спектакль драмы".