На працягу года Беларусь заварожвала пейзажамі, пакарала сэрцы гасціннасцю, працавала, збірала багатыя ўраджаі , аб'ядноўвала маштабнымі турнірамі і яркімі перамогамі, шчодра адорвала культурнымі падзеямі –фестывалямі-брэндамі і новымі праектамі, унікальнымі абрадамі, незвычайнымі выставамі, гучнымі тэатральнымі прэм'ерамі... Усё гэта не засталося без увагі нашых рэпарцёраў, якія 24/7 знаходзіліся па той бок аб'ектываў, каб занатаваць самыя важныя моманты жыцця краіны!
2019-ы год парадаваў беларусаў і гасцей вялікімі спартыўнымі і культурнымі падзеямі. Студзеньскі чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні сабраў у "Мінск-Арэне" тысячы аматараў гэтага грацыёзнага віду спорту на лёдзе з усяго свету. У лютым знакамітыя алімпійскія чэмпіёнкі Дар'я Домрачава і Надзея Скардзіна прыгожа развіталіся з вялікім спортам і перадалі эстафету перамог будучым чэмпіёнам, у тым ліку ўдзельнікам чэмпіянату Еўропы па біятлоне ў Раўбічах. На працягу мая жыхары Беларусі і ўсёй Еўропы сачылі за падарожжам "Полымя міру", якое сімвалічна дапоўніла святкаванне важнай даты ў гісторыі краіны – 75-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А ўжо ў чэрвені на легендарным стадыёне "Дынама" стартавала, бадай што, самая яркая і чаканая падзея ўсіх апошніх гадоў – II Еўрапейскія гульні. У ліпені мільёны сэлфі для асабістых старонак і фота для рэпартажаў у медыя былі зроблены ў фестывальным Віцебску. І ўвесь год здзіўляў Брэст – горад вельмі багатай гісторыі і гераічнага лёсу, які ў 2019-м святкаваў 1000-годдзе…
За гэтыя 365 дзён знята столькі цікавых кадраў! Мы прапануем паглядзець лепшыя ў топ-50 за год, а таксама пагартаць нашы падборкі за студзень, люты, сакавік, красавік, май, чэрвень, ліпень, жнівень, верасень, кастрычнік, лістапад і пераднавагодні снежань. Прыемнага прагляду!
На здымку: фестываль-конкурс ледзяных і снежных скульптур у Батанічным садзе. Фота Максіма Гучака.