З набліжэннем вясны тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля – аднаго з лепшых узораў палацава-паркавага мастацтва XIX стагоддзя ва Усходняй Еўропе, "душы горада", любімага месца адпачынку гамяльчан – ператвараецца ў кветкавы духмяны дыван. Кожны год тут высаджваюць тысячы цюльпанаў, цвіценне якіх не толькі ўпрыгожвае, але і, таксама як сусветна вядомы парк кветак Кёкенхаф у Нідэрландах, прываблівае мноства гасцей. У бягучым годзе аматары гэтых вясновых фарбаў убачаць каля 35 тысяч цюльпанаў амаль двух дзясяткаў сартоў! Дарэчы, у 2019-м плошча высадкі пашырылася – і цяпер квітнеючыя клумбы можна ўбачыць побач з капліцай і пахавальняй князёў Паскевічаў.