Мінск, які заваяваў рэпутацыю аднаго з самых спартыўных гарадоў Еўропы і свету, не збаўляе рытм. Дзясяткі буйнейшых турніраў – міжнародных і дамашніх – штогод, арэны топ-узроўню і зручная гарадская інфраструктура, актыўныя спартсмены, якія задаюць тон, прыцягваючы мінчан да спаборніцтваў і здаровага ладу жыцця – беларуская сталіца сапраўды любіць быць актыўнай.
Таму нядзіўна, што і ў святочны Дзень горада-2018 Мінск ператварыўся ў вялізны… стадыён: 8 верасня маштабнае фізкультурна-спартыўнае свята разгарнулася каля Палаца спорту і ў акваторыі Свіслачы, а 9 верасня цэнтральныя вуліцы горада стануць трасамі для ўдзельнікаў знакамітага Мінскага паўмарафону (пра яго раскажам у асобным рэпартажы).
А сёння – самыя цікавыя, яркія кадры фізкультурна-спартыўнага свята, якое, бадай што, стала і першай гарадской падзеяй у такім грандыёзным маштабе, і гучным прывітаннем мінчан удзельнікам маючых адбыцца II Еўрапейскіх гульняў, якія ўжо менш як праз год будзе прымаць наш галоўны горад. Дарэчы, да знакамітых спартсменаў з Беларусі і замежжа, тысяч актыўных гараджан і гасцей сталіцы далучыўся і Прэзідэнт краіны. Аляксандр Лукашэнка – кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта – стаў на лыжаролеры і разам са сваёй камандай прабег дыстанцыю ў эстафеце 4x2,8 км. У квартэце з кіраўніком дзяржавы выступілі алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Надзея Скардзіна, канькабежцы Марына Зуева і Ігнат Галавацюк.