У суботу, 2 лістапада, Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы" прыняў адзін з самых складаных бегавых стартаў "Bison Trail".
Амаль 500 удзельнікаў зведалі на сабе круты нораў "Беларускай Швейцарыі" - вузкія лясныя сцежкі, грунтавыя дарожкі шырынёй метр, паваленыя дрэвы, ручаі, камяні і ўчасткі ляснога бездарожжа, прысыпаныя палым лісцем. А галоўнае: бясконцыя спуск - пад'ём - спуск. Перапад вышынь на трасе склаў 100 метраў. Кожны з удзельнікаў мог выбраць дыстанцыю сабе пад сілу: 20 км, 10 км або 5 км.
Усе ўдзельнікі пераадолелі маршрут без страт, не ўлічваючы адзення і абутку. Пераможцаў забегу ўзнагародзілі прызамі, а кожны, хто фінішаваў, атрымаў памятны медаль.