Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
6 Врс 2020

У 2020 годзе Дзень беларускага пісьменства прымаў горад Бялынічы Магілёўскай вобласці.

Бялыніцкая зямля – месца з багатай гісторыяй і незвычайным сакральным лёсам. Паводле адной з легенд, заснаванне горада і яго назва звязаны з цудатворным абразом Бялыніцкай Божай Маці. ...Кажуць, яго ў пачатку XIII стагоддзя прынеслі манахі Кіева-Пячэрскай лаўры, якія ратаваліся ад войскаў хана Батыя. Аднойчы ў час прывалу каля ракі Друць ноччу ад абраза Багародзіцы стала ісці свячэнне. На гэтым месцы вырашылі заснаваць манастыр, а горад атрымаў назву Бялынічы – "белыя ночы". Стагоддзі таму гэту святыню ўшаноўвалі ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, ёй пакланяліся і праваслаўныя, і католікі, і ўніяты. Сёння выява Бялыніцкай Божай Маці ўпрыгожвае герб горада, але сам абраз – адна з самых шануемых рэліквій Беларусі – у сярэдзіне 20-х гадоў XX стагоддзя бясследна знік разам з крыжам Ефрасінні Полацкай. Тым не менш, людзі вераць, што ён да гэтага дня ахоўвае іх край. Кожны год паломнікі робяць хрэсны ход да звязаных з ім мясцін.

Адной з яркіх падзей Дня пісьменства стала адкрыццё новай скульптуры "З'яўленне абраза" каля царквы ў гонар абраза Божай Маці Бялыніцкай. Гранітны анёл памерам 3х2 м трымае бронзавую святыню, нібыта ахінаючы яе крыламі, упрыгожанымі ўзорам па матывах беларускай выцінанкі. Магілёўскі майстар Аляксандр Мінькоў прызнаўся, што ствараў гэты падарунак гораду з асаблівымі пачуццямі, бо шмат гадоў таму яго самога хрысцілі менавіта ў гэтай царкве.

Цудатворнай сілай продкі беларусаў надзялялі і прыродныя "артэфакты" – валуны і цэлыя "стоўнхенджы" з камянёў-сімвалаў, водныя крыніцы, якія пачыналі біць пасля сімвалічных падзей. У некалькіх вёсках Бялыніцкага раёна захаваліся некропалі XVI–XVIII стагоддзяў з каменнымі крыжамі і валунамі. Самы цікавы – недалёка ад вёскі Заазер'е: на валунах там нібыта выбіты чалавечыя сляды. Паводле аднаго з паданняў, іх пакінулі Хрыстос і Божая Маці – так людзі верылі ў богавыбранасць сваёй зямлі, якая знаходзіцца пад аховай Багародзіцы.

Яшчэ адна легенда расказвае, што паселішча на рацэ Друць было заснавана славянінам Бялынам або яго сынамі і нашчадкамі – бялынічанамі. І ўсё ж на гэты момант самае ранняе летапіснае згадванне пра Бялынічы адносіцца да XVI стагоддзя, калі знакаміты гетман ВКЛ Леў Сапега набыў іх ва ўласнасць.

У сярэдзіне XVII стагоддзя ў Бялынічах быў заснаваны кармеліцкі манастыр, дзе пабудавалі грандыёзны каменны касцёл. Многія дзесяцігоддзі гэта быў буйнейшы цэнтр рэлігійнага жыцця ўсходніх зямель княства. У савецкі час сабор узарвалі, а ва ўцалелым манастыры ў розныя гады размяшчаліся свецкія ўстановы, таму ўнікальныя старадаўнія фрэскі на біблейскія сюжэты зніклі пад шматлікімі слаямі фарбы. Пасля вялікага пажару будынак вырашылі знесці цалкам, і рэстаўратарам цудам удалося зрэзаць са сцен аб'ёмныя палотны з уцалелымі сюжэтамі. Доўгія гады яны захоўваліся ў музеях Магілёва.

Гэта бясцэнная спадчына зноў вярнулася ў Бялынічы ў 2020 г. У Дзень беларускага пісьменства адкрыўся новы будынак музея, дзе ўпершыню з'явілася зала "Духоўнасць". Яе цэнтральным экспанатам стала фрэска "Нясенне крыжа", або" Узыходжанне на Галгофу", якую ў канцы 1970-х гадоў мастак-рэстаўратар Юрый Маліноўскі і яго калегі выратавалі з разбуранага манастыра кармелітаў. Пазней майстар займаўся кансервацыяй і рэстаўрацыяй твора мастацтва, а цяпер размяціў фрэску пад дахам новага музея.

Са з'яўленнем новых памяшканняў канцэпцыя Бялыніцкага музея крыху змянілася, але адной з галоўных экспазіцый па-ранейшаму застаецца галерэя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі – знакамітага мастака-пейзажыста, які праслаўляў родныя мясціны на ўвесь свет. Тут размяшчааны яго карціны і дэманструюцца асабістыя рэчы, трансліруюцца эпізоды з жыцця мастака. Акрамя таго, адкрылася вялікая зала для прывазных выставачных экспазіцый. Пры музеі будзе працаваць школа юных мастакоў, праходзіць навуковыя канферэнцыі, семінары.

Яшчэ адна зала музея прысвечана гісторыі Бялыніцкага краю ад старажытнасці да нашых дзён.

І ў Дзень беларускага пісьменства багатае мінулае Бялыніч, спадчына яго знакамітых дзеячаў розных эпох былі ў цэнтры ўвагі. Акрамя таго, знакавай тэмай сёлетняга свята нацыянальнай культуры і слова стала 90-годдзе аднаго з самых яскравых пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Караткевіча.

Да сустрэчы гасцей Дня пісьменства ў Бялынічах была падрыхтавана насычаная праграма. Асноўная канцэртная пляцоўка разгорнулася перад будынкам новага музея. Ключавыя тэматычныя пункты свята размясціліся на вуліцы Савецкай і ў старадаўнім гарадскім парку "Ліпавы гай", які да ўрачыстасцей таксама абнавіўся. У святочны дзень тут урачыста адкрылася новая Алея гарадоў-сталіц Дня пісьменства: больш за 20 клёнаў высадзілі ганаровыя госці фестывалю.

Па традыцыі была праведзена і сімвалічная цырымонія перадачы эстафеты наступнай сталіцы Дня беларускага пісьменства. У 2021 г. ёю стане горад Капыль Мінскай вобласці.

Адкрыццё скульптурнай кампазіцыі "З'яўленне іконы"
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
Адкрыццё мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі
Адкрыццё мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах
1 2 3 4 5      Наступная