Больш за паўтары тысячы артыстаў 14 верасня прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці 9-га Міжнароднага фестывалю "Сожскі карагод". Удзельнікі і госці ўбачылі маштабнае тэатралізаванае шоу ў пастаноўцы рэжысёра Пятра Івановіча, прысвечанае тэме часу. А сам харэаграфічны форум, які лічыцца візітнай карткай горада над Сожам, аб'яднаў 29 калектываў з 11 краін свету.
Знакаміты харэаграфічны фестываль, які кожны год збірае дзясяткі лепшых творчых калектываў з розных краін (а за 21 год тут пабывалі прадстаўнікі каля 100 ансамбляў з больш як 20 дзяржаў), атрымаў сваю прапіску ў горадзе над Сожам зусім не выпадкова: яшчэ ў 1946-м нашу рэспубліку ў час Дзён Беларусі ў Маскве прадстаўляў Гомельскі ансамбль танца пад кіраўніцтвам Аляксандра Рыбальчанкі. Сёння ж мясцовыя традыцыі беражліва захоўваюцца і перадаюцца маладому пакаленню.
Звыш паўтары тысячы артыстаў, неверагоднае багацце фарбаў, "жывыя" харэаграфічныя пастаноўкі, светлавыя спецэфекты, піратэхнічныя эцюды і фаер-шоу – адкрыццё фестывалю "Сожскі карагод"-2018 стала самым відовішчным у гісторыі Гомельскага форуму. Тут усё спрацавала на галоўную ідэю рэжысёра-пастаноўшчыка Пятра Івановіча – перадаць няўмольную хуткацечнасць часу (а ў яго іпастасі – механічныя, пясочныя, сонечныя і вогненныя гадзіннікі), які не ўладны толькі над мастацтвам.
Парадавалі гледачоў (а сведкамі танцавальнай феерыі сталі амаль 7 тысяч чалавек!) сваімі нумарамі з асаблівым, нацыянальным каларытам і ўдзельнікі гэтага года – творчыя калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Малдовы, Азербайджана, Грэцыі, Ізраіля, Сербіі, Кітая... Кульмінацыяй стала шоу, якое аб'яднала ўсе напрамкі харэаграфіі: каля 600 артыстаў стварылі жывы лагатып свята, а больш за 60 барабаншчыц вымусілі апладзіраваць у такт мелодыі новага гімна фестывалю "Наш "Сожскі карагод".
Цырымонія адкрыцця фестывалю, калейдаскоп харэаграфічных шоу і танцавальных візітак удзельнікаў – у рэпартажы з Гомеля!