Беларускі спартсмен Яўген Ціханцоў 10 жніўня стаў медалістам спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы на XXXIII летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы.
Дзеючы бронзавы прызёр чэмпіянату свету і чэмпіён Еўропы спаборнічаў на Гульнях у катэгорыі да 102 кг, усяго за медалі ў гэтай вазе змагаліся 13 чалавек. Выступленні ў Парыжы Ціханцоў пачаў з няўдалага падыходу ў рыўку на 176 кг, а затым справіўся са штангай вагой 178 і 183 кг. Пасля першага практыкавання наш спартсмен ішоў на чацвёртым месцы, уступаючы два кілаграмы трэцяй пазіцыі і тры – першай.
У штуршку беларус выканаў паспяховыя спробы на 214 і 219 кг, але вага 228 кг Ціханцову не пакарылася. Тым не менш набранай сумы 402 кг Яўгену хапіла, каб абысці галоўнага канкурэнта з Арменіі Гарыка Карапецяна і стаць бронзавым прызёрам. Званне алімпійскага чэмпіёна заваяваў кітаец Лі Хуаньхуа (406 кг), серабро – у Акбара Джураева з Узбекістана (404 кг).