26-я міжнародная выстаўка-кірмаш турыстычных паслуг "Адпачынак" адкрылася 18 красавіка ў Мінску. Гэта самая вялікая турыстычная выстаўка Беларусі ў катэгорыі "Турызм і адпачынак". Акрамя таго, яна ўяўляе сабой міжнародную дзелавую пляцоўку для краін, рэгіёнаў і турыстычных кампаній з усяго свету, якія прэзентуюць прадукты і паслугі на беларускім рынку.
У бягучым годзе ў выстаўцы прымаюць удзел больш за 300 экспанентаў. Сярод краін-удзельніц – Беларусь, Туркменістан, Узбекістан, Палесціна, Куба, Турцыя, Кыргызстан, Расія. Упершыню на выстаўцы прадстаўлены ўсе 118 раёнаў нашай краіны. Таксама ў мерапрыемстве ўдзельнічаюць 27 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Ва ўдзельнікаў і наведвальнікаў выстаўкі ёсць магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі сусветных турыстычных асацыяцый, рэгулятарамі галіны, знайсці новых кліентаў і партнёраў, а таксама даведацца пра трэнды індустрыі на ўнікальных мерапрыемствах дзелавой праграмы. Гэта эфектыўная бізнес-пляцоўка для рэкламы турыстычных маршрутаў, новых тураў, сустрэч з партнёрамі, наладжвання новых дзелавых кантактаў.