"Спартак", "Дон Кіхот", "Лебядзінае возера", "Спячая прыгажуня", "Карміна Бурана", "Стварэнне свету"… На працягу месяца ў мінскім Вялікім паказваюць знакавыя спектаклі, якія паставіў народны артыст СССР і Беларусі Валянцін Елізар'еў. Паўстагоддзя таму – 10 кастрычніка 1973 года – 26-гадовы юнак з Баку, выпускнік Ленінградскай кансерваторыі прыбыў па размеркаванні ў Мінск і стаў галоўным балетмайстрам Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР. З таго часу маэстра, які працаваў у Санкт-Пецярбургу, Маскве, Любляне, Стамбуле, Варшаве, Токіа, Анкары, Каіры, ні разу не ўсумніўся ў сваім выбары: "Усё жыццё я займаўся любімай справай і ствараў спектаклі, многія з якіх жывуць да гэтага часу і збіраюць вялізныя залы".
У мінулым сезоне Валянцін Елізар'еў адсвяткаваў 75-годдзе, а ў гэтым – адзначае паўвекавы юбілей з пачатку творчай работы ў Вялікім тэатры оперы і балета. У 1973-м пасля прыезду ў Мінск яму давялося пачынаць літаральна з чыстага ліста: што прапанаваць даволі вопытнай трупе са знакамітымі артыстамі ў яе складзе? І тут нарадзілася візітная картка елізар'еўскага стылю – "Кармэн-сюіта" на музыку Жоржа Бізэ і Радзівона Шчадрына, якая перавярнула беларускі балет таго часу. У 2019 годзе легендарны спектакль быў адноўлены, захаваўшы актуальнасць на фоне класікі.
А далей у творчай кар'еры выдатнага харэографа былі новыя балеты – "Стварэнне свету", "Тыль Уленшпігель", "Спартак", "Адажыета", "Шчаўкунок", "Карміна Бурана", "Балеро", "Лебядзінае возера", "Вясна свяшчэнная", "Рамэа і Джульета", "Дон Кіхот", "Страсці (Рагнеда)"… Сёння ў скарбонцы маэстра ўжо каля 15 аўтарскіх спектакляў.
"Я не думаў, што тут надоўга затрымаюся, таму што ў мяне былі планы на іншыя гарады. Першую работу паставіў, другую, палюбіў горад, трупу, палюбіў людзей. У мяне з'явілася шмат саратнікаў, сяброў. Я ў Беларусі з 1973-га года, гэта амаль 50 гадоў", - прызнаўся Валянцін Елізар'еў у інтэрв'ю з нагоды свайго 75-гадовага юбілею.
Здавалася, тады Елізар'еву ўсміхалася сама фартуна: яму ўдалося паставіць "Стварэнне свету" ў часы атэізму і антырэлігійных настрояў у грамадстве, праз харэаграфію балета "Карміна Бурана" – вярнуць цікавасць да забытай музыкі, праз прыгажосць "Балеро" – абудзіць думкі і ўяўленні публікі... За ім трывала замацаваўся статус наватара, і знакавая ўзнагарода Benois de la danse Міжнароднай Асацыяцыі танца за харэаграфію балета "Страсці" на музыку Андрэя Мдзівані толькі пацвердзіла гэты факт!
З 2018 года маэстра займае пасаду мастацкага кіраўніка Вялікага тэатра і накіроўвае сілы на аднаўленне ўласных спектакляў. Другую аўтарскую рэдакцыю ўжо атрымалі "Спартак", "Рамэа і Джульета", "Стварэнне свету", "Шчаўкунок", "Лебядзінае возера", "Спячая прыгажуня", "Дон Кіхот" (24 сакавіка 2023 г.). Што ж у планах? Паводле слоў Елізар'ева, у бліжэйшы час ён плануе стварыць новы спектакль "Папялушка" і аднавіць нацыянальны балет "Страсці (Рагнеда)", за які атрымаў "Бенуа дэ ла Данс" у Парыжы і Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь.