12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання зарэгістраваны 521 кандыдат. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
"Зарэгістраваны 521 кандыдат у дэпутаты, 93 прэтэндэнтам адмоўлена, 16 чалавек самі адмовіліся ад удзелу ў выбарах", - сказала кіраўнік ЦВК. У цэлым яна пазітыўна ацэньвае колькасць канчатковых прэтэндэнтаў на месца ў парламенце, паколькі працэнт адмовы ў рэгістрацыі невысокі. "Працэнтныя адносіны адмоў - 14,8 працэнта, што на 10 працэнтаў менш, чым чатыры гады таму. Для параўнання: на папярэдніх парламенцкіх выбарах было зарэгістравана 363 кандыдаты, адмоў было 122, або 24,7 працэнта", - адзначыла Лідзія Ярмошына.
Усяго ў гэтым годзе кандыдатамі ў дэпутаты было вылучана 630 чалавек, што на 130 больш, чым на выбарах у 2012 годзе. Пры гэтым у выбаркамы паступіла 765 камплектаў дакументаў, што сведчыць аб розных спосабах вылучэння.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 11 верасня, кандыдаты будуць змагацца за 110 месц у парламенце.