17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ЦВК акрэдытавала на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання 1029 міжнародных наглядальнікаў. Такія даныя размешчаны на сайце Цэнтрвыбаркама, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Самыя шматлікія місіі на выбары ў Беларусь накіравалі СНД і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ - 475 і 346 чалавек адпаведна. Ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ заяўлена 83 эксперты, ад ПАСЕ - 28, ад Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва - 17.
Акрэдытацыю наглядальніка на выбарах у Беларусі атрымалі 53 дыпламаты, 21 прадстаўнік выбарчых органаў замежных дзяржаў. Назіраць за выбарчай кампаніяй маюць намер таксама шэсць незалежных экспертаў.
Акрамя таго, выбарчыя камісіі, паводле апошніх даных ЦВК, акрэдытавалі 28 тыс. нацыянальных наглядальнікаў: ад палітычных партый (1,7 тыс.), грамадскіх аб'яднанняў (23,1 тыс.), працоўных калектываў (1,2 тыс.) і грамадзян, якія падалі заявы (1,9 тыс.).
17 лістапада ў Беларусі - асноўны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. У выбарчай гонцы ўдзельнічаюць 513 кандыдатаў.