13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў аб'явіла аб стварэнні пазабюджэтнага фонду для дадатковага фінансавання выбараў у Палату прадстаўнікоў. Адпаведная інфармацыя размешчана на сайце ЦВК, паведамляе БЕЛТА.
Сродкі пазабюджэтнага фонду будуць выкарыстаны на аплату дадатковых расходаў, звязаных з правядзеннем выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага склікання. Размова ідзе аб аплаце вырабу бланкаў выбарчых дакументаў, інфармацыйных плакатаў, плакатаў з датай выбараў, матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій.
Фонд фарміруецца за кошт добраахвотнага пералічэння ў яго грашовых сродкаў арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў і беларускіх грамадзян.
Юрыдычныя асобы і грамадзяне, якія жадаюць прыняць удзел у дадатковым фінансаванні выбарчай кампаніі, могуць унесці грашовыя сродкі ў фонд - пералічыць на пазабюджэтны рахунак нумар 3630000001866 у ААТ "ААБ "Беларусбанк" г. Мінска, код 153001795, УНП 101541814.
Пры гэтым забараняецца ўносіць грошы бюджэтным арганізацыям, замежным дзяржавам і арганізацыям, міжнародным арганізацыям, замежным грамадзянам, асобам без грамадзянства, арганізацыям, заснавальнікамі (удзельнікамі, уласнікамі маёмасці) якіх з'яўляюцца замежныя дзяржавы, замежныя арганізацыі, міжнародныя арганізацыі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства.