28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэгіянальным СМІ трэба павялічыць долю аналітычных матэрыялаў, у тым ліку па вострасацыяльнай і палітычнай праблематыцы, заявіў першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі на форуме "Выбары-2019: роля рэгіянальных СМІ ў фарміраванні грамадскай думкі па пытаннях выбарчай кампаніі" ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Калі ацэньваць жанравую палітру, якая ўласціва рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі, то мы бачым відавочны дэфіцыт добрых аналітычных матэрыялаў", - сказаў Павел Лёгкі.
Не хапае як палітычнай аналітыкі, так і аналітычных матэрыялаў на спартыўную, культурную тэматыкі. "Людзей усё больш цікавіць у вашым кантэнце тое, што можна назваць эксклюзівам, аналітыкай, разважаннямі, каментарыямі. Сухое інфармаванне - для гэтага ёсць інтэрнэт", - адзначыў ён.
Паводле слоў першага намесніка міністра, змяншаецца колькасць і галоўных рэдактараў, якія пішуць такія матэрыялы, вядуць аўтарскія калонкі. Разам з тым гэтыя людзі ў нейкім сэнсе лідары меркаванняў у рэгіёне, іх пункт гледжання асабліва важны.
Рэгіянальныя выданні на сваіх старонках павінны размяшчаць больш інфармацыі на вострасацыяльныя тэмы, лічыць Павел Лёгкі. У сувязі з гэтым ён прывёў прыклад, калі ў 135 прааналізаваных нумарах, выпушчаных у адной з абласцей, знойдзена ўсяго 79 праблемных матэрыялаў. Прычым па ініцыятыве чытачоў была ўзнята адна тэма, самі журналісты ініцыявалі 4 матэрыялы, а астатнія 74 - мясцовыя органы ўлады.
Мясцовым СМІ таксама трэба будзе вырашаць праблему засілля рознымі фэйкамі, якімі цяпер забіта інфармацыйная прастора, перш за ўсё сацыяльныя сеткі. Невыпадкова Facebook тэсціруе ў ЗША новую ўкладку News ("Навіны"). Сацсетка заключыла з некалькімі сотнямі буйнейшых сусветных выданняў дагаворы і за грошы набывае прафесійны кантэнт, які прайшоў фактчэкінг і верыфікацыю. Разумеючы, што з-за фэйкавай інфармацыі давер да традыцыйных СМІ расце і многія людзі выходзяць з сацсетак, Facebook імкнецца папярэдзіць гэту сітуацыю.
Форум "Выбары-2019: роля рэгіянальных СМІ ў фарміраванні грамадскай думкі па пытаннях выбарчай кампаніі" сабраў у Мінску амаль 150 журналістаў рэгіянальных СМІ. Мерапрыемства, арганізаванае ФПБ пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі, праходзіць у штаб-кватэры нацыянальнага прафцэнтра. Арганізатары ўдзялілі асаблівую ўвагу пытанням журналісцкай работы ў час выбарчай кампаніі: форм узаемадзеяння рэдакцый з кандыдатамі, партыямі і грамадскімі аб'яднаннямі, прававых аспектах асвятлення выбарчай кампаніі ў СМІ.