11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламенцкія выбары ў Беларусі арганізаваны на высокім узроўні, заявіў 11 верасня журналістам Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, наведваючы выбарчы ўчастак нумар 476, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Арганізацыя выбараў - на высокім узроўні. Ёсць свабодны доступ да урнаў, кабінак, рэгістрацыя выбаршчыкаў праведзена своечасова, ёсць запас бюлетэняў на выпадак, калі сапсуюцца. Прадугледжаны таксама некаторыя змяненні і спрашчэнні доступу наглядальнікаў у перыяд падліку галасоў - гэта таксама важна. Цяпер будзем чакаць вынікаў выбараў, ацэнку іх з боку грамадства і з боку выбарчай камісіі", - падкрэсліў ён.
Рыгор Рапота паведаміў, што наведаў 11 верасня чатыры выбарчыя ўчасткі. "Я быў у пунктах адной выбарчай акругі, дзе адны і тыя ж кандыдаты. Але было цікава паглядзець, як арганізавана работа выбарчых участкаў, работа наглядальнікаў, у якой ступені наглядальнікі задаволены тымі ўмовамі, якія для іх стварылі. Ці ёсць нейкія скаргі з боку выбаршчыкаў. Пакуль няма, можа, па выніках выбараў у кагосьці яны і ўзнікнуць, тады адпаведныя арганізацыі будуць іх разглядаць", - адзначыў ён.
Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы растлумачыў, што выбарчая кампанія праходзіць у Беларусі так, як і павінна праводзіцца такая кампанія. "Зразумела, што колькі людзей, столькі і меркаванняў. Мы размаўлялі з прадстаўнікамі АБСЕ, яны таксама ўважліва сочаць за выбарамі, і якіх-небудзь заўваг па арганізацыі ў іх няма. Тое, што нашы пункты гледжання супадаюць, добра, гэта сведчыць аб аб'ектыўнасці нашай ацэнкі", - канстатаваў ён.