8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Правы міжнародных наглядальнікаў на выбарах у беларускі парламент будуць пашыраны. Аб гэтым паведаміў сёння сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік на пасяджэнні ЦВК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мікалай Лазавік растлумачыў, што тэрмін паўнамоцтваў замежнага наглядальніка вылічваецца з дня яго акрэдытацыі і заканчваецца ў дзень устанаўлення Цэнтральнай камісіяй вынікаў выбараў. Палажэнне, якое разглядалася сёння на пасяджэнні, дэталёва рэгламентуе правы міжнародных наглядальнікаў. "Але на гэтых выбарах яны будуць крыху шырэй, чым на мінулых", - заўважыў ён.
У прыватнасці, па прапанове БДІПЧ АБСЕ міжнародныя наглядальнікі атрымалі права ў перыяд датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў атрымліваць інфармацыю па колькасці выбаршчыкаў, уключаных у спісы, а таксама аб колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Акрамя таго, замежныя наглядальнікі змогуць прысутнічаць у акруговай камісіі пры прыёмцы дакументаў ад участковых выбарчых камісій.
ЦВК па традыцыі выдасць удзельнікам маніторынгу парламенцкай кампаніі пасведчанні, якія пацвярджаюць іх паўнамоцтвы.