5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. МЗС Беларусі разлічвае на аб'ектыўную ацэнку місіі БДІПЧ АБСЕ па выніках парламенцкіх выбараў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы лічым, што заключны даклад акрамя крытыкі павінен змяшчаць канстатацыю пазітыўных момантаў, якія маюць месца ў Беларусі ў кантэксце падрыхтоўкі і правядзення парламенцкіх выбараў. Аб'ектыўная ацэнка рэальнай сітуацыі з балансам пазітыву і негатыву стварае асновы для таго, каб мы і далей развівалі і пашыралі пазітыўную атмасферу ў адносінах з нашымі еўрапейскімі партнёрамі", - адзначыў Уладзімір Макей.
Адказваючы на пытанне аб росце інтарэсу да парламенцкай кампаніі ў Беларусі, Уладзімір Макей сказаў, што ў любой краіне інтарэс да выбараў даволі высокі, паколькі такая палітычная падзея з'яўляецца пэўным крокам у развіцці дзяржавы. Таму важна, каб гэты крок быў успрыняты міжнароднай супольнасцю і каб гэта стварала аснову для далейшага развіцця супрацоўніцтва з той ці іншай краінай.
"Беларусь апошнім часам усё часцей гучыць на міжнароднай арэне, гэта звязана і з яе роляй ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу, і ў цэлым з той лініяй, якую праводзіць краіна. Мы не з'яўляемся крыніцай нейкай "канфліктагеннасці" ў рэгіёне і ў свеце, мы наадварот, з'яўляемся донарам бяспекі. Гэта прынцыповая ўстаноўка нашага Прэзідэнта, і мы яе цвёрда прытрымліваемся, - падкрэсліў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. - Задача заключаецца ў тым, што Беларусь павінна ўносіць свой уклад ва ўмацаванне бяспекі ў рэгіёне. Мы хочам, каб Беларусь асацыіравалася з краінай, якая нікому не робіць ніякіх праблем і клопатаў. Гэта роля Беларусі становіцца ўсё больш відавочнай, і гэта прызнаюць нашы заходнія партнёры. Напэўна, адсюль і павышаная ўвага да парламенцкіх выбараў".