12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Місія ад СНД прызнала выбары адпаведнымі Канстытуцыі і выбарчаму заканадаўству Беларусі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД, кіраўнік місіі наглядальнікаў ад СНД Сяргей Лебедзеў па выніках назірання місіі за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На думку місіі, органы ўлады Рэспублікі Беларусь, выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў забяспечылі ў ходзе выбараў рэалізацыю права грамадзян краіны на свабоднае волевыяўленне. Місія наглядальнікаў ад СНД прыходзіць да наступных вывадаў: выбары 11 верасня праводзіліся ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і выбарчым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь", - адзначыў Сяргей Лебедзеў.
Ацэнку праведзенай выбарчай кампаніі наглядальнікі ад Садружнасці даюць на падставе аналізу фактычнага матэрыялу, сабранага ў працэсе кароткатэрміновага і доўгатэрміновага маніторынгу выбараў, а таксама на падставе ўласнага назірання.
"Выбары адпавядалі прынцыпам правядзення дэмакратычных выбараў, былі празрыстымі, адкрытымі і свабоднымі. Выбарчая кампанія прайшла ў спакойнай атмасферы ў духу адкрытай канкурэнцыі і на высокім арганізацыйным узроўні", - падкрэсліў Сяргей Лебедзеў.
Падагульняючая заява місіі наглядальнікаў ад СНД будзе апублікавана пасля афіцыйнага зацвярджэння вынікаў выбараў.