24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выбарчае заканадаўства Беларусі адпавядае міжнародным прынцыпам. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па арганізацыі работы па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "заканадаўства Беларусі адпавядае міжнародным прынцыпам, улічвае існуючыя ў краіне правілы, традыцыі правядзення выбараў". "Мы ўспрымаем гэта як належнае і, адпаведна, памоўчваем часам. Аднак сціпласці тут быць не павінна. Аб гэтым трэба гаварыць", - упэўнены Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка выказаў свой пункт гледжання наконт асвятлення выбарчай кампаніі: "Сакрэтаў ніякіх ні ад каго быць не павінна".
Да афіцыйнага старту электаральнай кампаніі засталося зусім няшмат часу. Прэзідэнт нагадаў, што, згодна з заканадаўствам, дата выбараў павінна быць аб'яўлена не пазней за 10 чэрвеня. "Адпаведныя рашэнні, зразумела, будуць прыняты ў тэрмін, тут праблем абсалютна ніякіх няма", - сказаў ён.
Арганізацыя работы па падрыхтоўцы і правядзенні выбарчай кампаніі рэгулярна абмяркоўваецца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. На гэты раз размова на нарадзе ішла аб ужо зробленых кроках, выкананні даручэнняў па ўдасканаленні выбарчага працэсу, гатоўнасці арганізатараў важнай грамадска-палітычнай падзеі. Амаль месяц таму абмяркоўваліся пытанні, якія датычыліся ўнутрыдзяржаўных працэдур, рэкамендацый АБСЕ па ўдасканаленні выбарчага працэсу.