15 лістапада, Фаніпаль /Кар. БЕЛТА/. У місіі наглядальнікаў ад СНД станоўчае ўражанне ад ходу датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага склікання. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў кіраўнік місіі Сяргей Лебедзеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Беларусі знаходзяцца доўгатэрміновыя наглядальнікі з васьмі краін СНД. Усяго ў складзе місіі Садружнасці 475 чалавек, якія назіраюць за датэрміновым галасаваннем у розных рэгіёнах краіны. Так, Сяргей Лебедзеў наведаў выбарчыя ўчасткі, размешчаныя на тэрыторыі сярэдняй школы нумар 1 Фаніпаля. "Па выніках сустрэч з членамі ўчастковых выбарчых камісій, наглядальнікамі, самімі выбаршчыкамі ў нас складваецца станоўчае ўражанне ад ходу датэрміновага галасавання", - сказаў ён, адказваючы на пытанні журналістаў.
Сяргей Лебедзеў адзначыў добрае афармленне выбарчых участкаў: наглядная агітацыя, інфармацыйныя матэрыялы, якія наглядальнікам прадастаўляюцца ў поўным аб'ёме. "Мы ні ад каго не пачулі заўваг, нараканняў у адрас выбарчых камісій", - дадаў ён.
Кіраўнік місіі выказаў надзею, што выбарчая кампанія прадоўжыцца ў такім жа ключы. Самае галоўнае, перакананы Сяргей Лебедзеў, каб выбары, якія ў Беларусі праходзяць на канкурэнтнай аснове, дапамаглі прайсці ў парламент дастойным дэпутатам.
Датэрміновае галасаванне на парламенцкіх выбарах завяршаецца 16 лістапада. Асноўны дзень галасавання - 17 лістапада.