12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праведзеныя выбары ў Беларусі вызначаюцца большай празрыстасцю і дэмакратычнасцю. Аб гэтым заявіў сёння журналістам старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД, кіраўнік місіі наглядальнікаў ад СНД Сяргей Лебедзеў па выніках назірання місіі за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На думку наглядальнікаў з краін СНД, гэтыя выбары вызначаюцца большай адкрытасцю, большай дэмакратычнасцю і празрыстасцю, большай арганізаванасцю", - падкрэсліў Сяргей Лебедзеў.
Паводле яго слоў, праведзеныя выбары - сведчанне таго, як трансфармуецца і выбарчая сістэма, і погляды выбаршчыкаў не толькі ў Беларусі, але і на прасторы СНД у цэлым. "Мы ўсе вучымся, набіраемся вопыту і як арганізатары выбарчага працэсу, і як выбаршчыкі, - дадаў ён. - Праведзеныя ў Беларусі выбары пераканалі нас у тым, што выбаршчык стаў больш разумны, абачлівы, ён ужо не верыць папулісцкім заявам, як гэта было ў 90-я гады, ён уважліва глядзіць, што яму прапануе той ці іншы кандыдат, і ў залежнасці ад гэтага робіць выбар".
На думку Сяргея Лебедзева, у склад Палаты прадстаўнікоў увайшлі дастойныя людзі. "Большасць з іх - з вышэйшай адукацыяй, за плячамі ў іх - салідны жыццёвы і прафесійны вопыт. І гэта сведчанне таго, што народ Беларусі зрабіў правільны выбар", - лічыць ён.
У складзе місіі СНД працавалі 334 наглядальнікі з 9 краін Садружнасці. "Мы ажыццяўлялі сваю місію з выкананнем заканадаўства Беларусі, добразычліва і не ўмешваліся ва ўнутраныя справы і выбарчы працэс Беларусі. Задача была ў тым, каб аб'ектыўна ацаніць падрыхтоўку да выбараў, ход выбараў і ў дружалюбнай форме падказаць арганізатарам выбараў, калі ёсць нейкія недахопы", - рэзюмаваў Сяргей Лебедзеў.