6 ліпеня, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Сур'ёзныя палітыкі, якія маюць намер змагацца за дэпутацкі мандат, будуць вылучацца ў кандыдаты шляхам збору подпісаў грамадзян. Такім меркаваннем падзяліўся сёння ў Віцебску з журналістамі сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"Паводле закона, кандыдат у дэпутаты можа быць вылучаны ад працоўнага калектыву, ад палітычнай партыі і шляхам збору подпісаў. Сур'ёзны палітык, які мае намер змагацца за дэпутацкі мандат, абавязкова скарыстаецца спосабам збору подпісаў. Таму што ў час гэтага працэсу ён сустракаецца з выбаршчыкамі, вывучае іх меркаванні, выслухоўвае наказы і тым самым значна павышае свае шанцы на выбранне. Сур'ёзныя прэтэндэнты будуць актыўна займацца зборам подпісаў і для таго, каб данесці сваю праграму да выбаршчыкаў і атрымаць ад іх зваротную рэакцыю ў выглядзе наказаў", - падкрэсліў Мікалай Лазавік.
Сёння ў Віцебску адбыўся навучальны семінар для старшынь і членаў абласной і акруговых выбарчых камісій. Мікалай Лазавік звярнуў увагу калег на новаўвядзенні і асаблівасці выбарчай кампаніі, прэзентаваў зборнік метадычных матэрыялаў.
Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання пройдуць у Беларусі 11 верасня.