10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына сустрэлася сёння з кіраўніком папярэдняй місіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Гізелай Вурм і іншымі членамі місіі. Аб гэтым кіраўнік ЦВК паведаміла карэспандэнту БЕЛТА.
"Паколькі прадстаўнікі ПАСЕ сустракаліся і з грамадскімі арганізацыямі, а не толькі з дзяржаўнымі органамі, у іх быў шэраг пытанняў, якія датычыліся парадку праходжання выбарчай кампаніі, - расказала Лідзія Ярмошына. - Яны праінфармаваны аб тым, як будзе ажыццяўляцца перадвыбарная агітацыя, якія магчымасці дзяржава для гэтага прадаставіла кандыдатам. Былі зададзены пытанні аб ходзе іх рэгістрацыі, аб падставах для адмовы ў рэгістрацыі, а таксама аб тым, якім чынам затым аспрэчваецца гэта рашэнне".
Акрамя таго, прадстаўнікі ПАСЕ пацікавіліся, як будзе весціся падлік галасоў, ці будзе ён адкрыты для наглядальнікаў, як ажыццяўляецца ўлік выбаршчыкаў, ці няма рызыкі двайной рэгістрацыі выбаршчыкаў і магчымасці двайнога галасавання.
У цэлым, на думку Лідзіі Ярмошынай, прадстаўнікі ПАСЕ ўдзячны за запрашэнне наведаць Беларусь, ацэньваюць гэта як жэст адкрытасці беларускага выбарчага працэсу і жаданне краіны знаходзіцца ў еўрапейскай сям'і.