7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына расказала журналістам, па якіх крытэрыях вызначала перспектыўнага кандыдата ў дэпутаты па сваёй акрузе. Сёння яна датэрмінова прагаласавала на ўчастку нумар 511 у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэты чалавек павінен нешта ўяўляць у сваім жыцці, ён ужо павінен нечага дабіцца - альбо вядомасці, альбо значнага капіталу, альбо мець выдатную адукацыю і перспектывы на будучыню. У кожнага павінна быць свая адметнасць. Адразу магу сказаць, што я прагаласавала за чалавека, якога ведаю", - растлумачыла старшыня ЦВК свой выбар.
На ўчастку для галасавання старшыня ЦВК пагутарыла з наглядальнікамі, абмеркавала з імі некаторыя рабочыя моманты. Яна таксама звярнула ўвагу журналістаў на той факт, што на ўчастку ўсё арганізавана на добрым узроўні, бюлетэнь для галасаванння абаронены як мінімум двума подпісамі членаў камісіі, спісы выбаршчыкаў складзены ў нармальным фармаце, дзякуючы чаму не павінна быць выпадкаў, што выбаршчык выпадкова распішацца за "суседа".
Лідзія Ярмошына таксама пракаменціравала праведзеную напярэдадні сустрэчу з павераным у справах ЗША ў Беларусі Робертам Райлі. "Амерыканскі дыпламат проста цікавіўся некаторымі працэдурнымі момантамі, таму што збіраецца назіраць за выбарамі і яму цікава, якія будуць яго правы як наглядальніка ў перыяд падліку галасоў", - сказала яна.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі адбудуцца 11 верасня.