12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына расказала аб партрэце кандыдата ў дэпутаты. Даныя аб зарэгістраваных кандыдатах яна агучыла сёння ў час анлайн-канферэнцыі на тэму "Парламенцкія выбары-2016" на сайце БЕЛТА.
Жанчын сярод зарэгістраваных кандыдатаў - 24,8 працэнта. "Гэта менш як трэць, але давайце не будзем забываць, што доля жанчын у парламенце можа быць большай. Жанчыны могуць заняць і да 50 працэнтаў са 110 месц у парламенце, калі яны будуць выбраны выбаршчыкамі", - звярнула ўвагу Лідзія Ярмошына.
Моладзі сярод зарэгістраваных кандыдатаў - 9,8 працэнта (крыху больш, чым у 2012 годзе, калі гэты паказчык склаў 9,1 працэнта), пенсіянераў - 8,1 працэнта (42 чалавекі).
У якасці кандыдатаў зарэгістраваны 31 беспрацоўны (6 працэнтаў).
Прадстаўнікі сацыяльнай сферы (адукацыя, культура, навука, ахова здароўя) склалі 18,2 працэнта (95 чалавек), дзяржорганаў - 9,8 працэнта (51 чалавек). Даволі шмат работнікаў прамысловасці - 17,3 працэнта (90 чалавек). Прадпрымальнікі склалі 6,7 працэнта (35 чалавек). Іншыя сферы дзейнасці прадстаўляюць 136 чалавек (26,1 працэнта).
Вылучаны палітычнымі партыямі 52,5 працэнта зарэгістраваных (прыблізна гэтак жа, як і ў 2012 годзе). У цэлым жа членамі партый з'яўляюцца 63,7 працэнта зарэгістраваных кандыдатаў (332 чалавекі).
Ацэньваючы колькасць людзей, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі, Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што ў гэтай сітуацыі нельга кіравацца толькі лічбамі. "Самае галоўнае - прычыны (адмовы ў рэгістрацыі. - Заўвага БЕЛТА). Калі адмовы абгрунтаваны і адпавядаюць рэаліям, значыць, гэта нармальна. Калі ёсць адмовы, прыцягнутыя за вушы, будуць разбірацца тэрытарыяльныя камісіі, потым суды. Зразумела, такая сітуацыя не можа задавальняць ні мяне, ні выбаршчыкаў", - сказала старшыня ЦВК.