8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палітычная барацьба на парламенцкіх выбарах будзе даволі вострая. Такое меркаванне 7 ліпеня выказала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў відэазвароце, размешчаным на сайце ЦВК, паведамляе БЕЛТА.
Лідзія Ярмошына адзначыла актыўны ўдзел партый, асабліва тых, якія адносяць сябе да апазіцыйнага лагера, у вылучэнні кандыдатаў шляхам збору подпісаў. "Мы можам меркаваць, што палітычная барацьба на маючых адбыцца выбарах будзе даволі вострая і выбаршчыкі з цікавасцю змогуць сачыць за гэтай выбарчай кампаніяй", - лічыць старшыня ЦВК.
Яна нагадала, што на гэты момант у краіне зарэгістравана і збіраюць подпісы 256 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у падтрымку асоб, якія прапануюцца для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання. Большая частка тых, хто паспрабуе вылучыцца такім чынам, - беспартыйныя. У той жа час больш як 90 чалавек - гэта прадстаўнікі партый, звярнула ўвагу Лідзія Ярмошына.
7 ліпеня завяршылася падача заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп патэнцыяльных кандыдатаў у дэпутаты. "З 396 заявак, пададзеных на рэгістрацыю груп, чатыром патэнцыяльным кандыдатам адмоўлена на той падставе, што былі парушаны ўмовы закона пры стварэнні ініцыятыўнай групы. А два патэнцыяльныя кандыдаты самі адмовіліся ў далейшым збіраць подпісы і ад рэгістрацыі ініцыятыўнай групы", - сказала старшыня ЦВК.