19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія
Ярмошына сустрэлася з кіраўніком місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Каэтанай дэ Зулуетай Оўтрам. Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце ЦВК, паведамляе БЕЛТА.Нагодай для сустрэчы стала завяршэнне работы місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ ў Беларусі.
Раней Лідзія Ярмошына ў размове з журналістамі ахарактарызавала папярэдні даклад БДІПЧ АБСЕ па выбарах у парламент як цалкам збалансаваны, хоць прызналася, што Цэнтрвыбаркам згодны
не з усімі прапановамі. Пры гэтым яна адзначыла, што, калі з боку БДІПЧ у падагульняючым дакладзе будуць ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне працэдуры падліку галасоў, да іх трэба аднесціся ўважліва і па магчымасці ўлічыць.Гаворачы аб магчымай лібералізацыі выбарчага заканадаўства ў будучым, Лідзія Ярмошына адзначыла, што ў ЦВК ужо ёсць шэраг прапаноў, якія будуць сістэматызаваны пасля таго, як БДІПЧ АБСЕ выкажа свае заўвагі ў канчатковым дакладзе. Між тым, паводле яе слоў, суб'ект заканадаўчай ініцыятывы (Прэзідэнт, парламент) будзе самастойна прымаць рашэнне аб тым, ці прыцягваць дапамогу замежных экспертаў пры карэкціроўцы выбарчага заканадаўства ў краіне.
Як паведамлялася, БДІПЧ АБСЕ апублікуе падагульняючую справаздачу аб выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў лістападзе - праз восем тыдняў пасля завяршэння выбарчага працэсу. Парламенцкая асамблея АБСЕ прадставіць свой даклад на пасяджэнні Пастаяннага камітэта ў Скоп'і (Македонія) 1 кастрычніка, а ПА Савета Еўропы - на сваёй чацвёртай частцы сесіі ў Страсбургу (Францыя) 10 кастрычніка.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбыліся 11 верасня, дэпутаты выбраны па ўсіх 110 акругах.