11 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына чакае высокі ўзровень палітычнай актыўнасці ў парламенцкую кампанію. Аб гэтым заявіла яна 10 ліпеня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, аб гэтым можна меркаваць ужо па тым, як пачалася выбарчая кампанія і як актыўна заявілі аб сабе партыі, у тым ліку апазіцыйныя (тры з іх суперактыўныя цяпер). Калі яны змогуць сабраць подпісы (калі не змогуць, то ўсё роўна маюць магчымасць вылучыцца з'ездам), зразумела, будуць праводзіць сваю выбарчую кампанію.
"Акруга можа быць (не дай бог, вядома, калі гэта адбудзецца) безальтэрнатыўнай. У такім выпадку кандыдату трэба пераканаць выбаршчыкаў, што ім неабходна прыйсці на выбарчыя ўчасткі, што гэта ім выгадна. А гэта заўсёды вельмі вострапалітычна выглядае", - сказала старшыня Цэнтрвыбаркама.
Як паведамлялася, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пачалося 3 ліпеня і прадоўжыцца па 1 жніўня ўключна. Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе з 2 па 11 жніўня. Вылучаць кандыдатаў могуць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне. Ва ўсіх выпадках не трэба забываць, што вылучаць кандыдатаў маюць права толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Агітацыяй кандыдаты змогуць займацца з дня сваёй рэгістрацыі па 10 верасня ўключна, а ў дзень галасавання - 11 верасня - агітаваць ужо нельга.