31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, паводле апошніх даных, вылучаны 359 чалавек. Такая інфармацыя размешчана на сайце ЦВК, паведамляе БЕЛТА.
Больш за ўсё прэтэндэнтаў на месца ў парламенце на гэты момант у Мінску - 80 чалавек.
У выбаркамы краіны паступілі 452 камплекты дакументаў ад патэнцыяльных кандыдатаў. Грамадзяне маюць права вылучацца шляхам збору подпісаў, ад палітычных партый і ад працоўных калектываў, выкарыстоўваючы як адзін з гэтых спосабаў, так і два або тры адначасова.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты завяршаецца 1 жніўня, а іх рэгістрацыя - 11 жніўня. З гэтага дня і па 10 верасня ўключна пройдзе самы насычаны этап выбарчай кампаніі - перадвыбарная агітацыя. Парламенцкія выбары ў Беларусі назначаны на 11 верасня.