15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зробіць усё неабходнае для правядзення на дастойным узроўні летняй сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы са спецыяльным каардынатарам місіі кароткатэрміновых наглядальнікаў АБСЕ на парламенцкіх выбарах у Беларусі, намеснікам старшыні ПА АБСЕ Кентам Харстэдам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Раней было прынята рашэнне аб правядзенні 26-й сесіі ПА АБСЕ ў Мінску ў 2017 годзе, з 5 па 9 ліпеня. Уладзімір Андрэйчанка выказаў удзячнасць Кенту Харстэду, які, паводле яго слоў, аказваў значнае садзейнічанне ў вырашэнні гэтага пытання менавіта на карысць Мінска. "Мы зробім усё неабходнае, каб гэта сесія прайшла на дастойным узроўні. Цяпер праводзіцца шэраг арганізацыйных мерапрыемстваў, мы разглядаем тэматыку правядзення гэтай сесіі", - праінфармаваў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Гаворачы аб маючых адбыцца парламенцкіх выбарах, Уладзімір Андрэйчанка выказаў надзею на аб'ектыўнае падагульняючае заключэнне з боку міжнародных наглядальнікаў. Ён адзначыў, што для маніторынгу выбараў акрамя еўрапейскіх калег запрошаны Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, МПА СНД, ПА АДКБ, Выканкам СНД, ШАС. Паводле слоў спікера, Беларусь не абмяжоўвае місіі ні ў колькасным складзе, ні ў плане тэрмінаў знаходжання ў краіне.
Уладзімір Андрэйчанка коратка праінфармаваў субяседніка аб ходзе парламенцкай кампаніі, адзначыўшы, што цяпер для кандыдатаў у дэпутаты ідзе перыяд перадвыбарнай агітацыі. Паводле слоў спікера, важна, каб у гэтым выпадку палітычная канкурэнцыя не выходзіла за рамкі заканадаўства і была канструктыўнай. "Нельга дапусціць, каб пад сумненне ставіліся такія каштоўнасці, як мір, парадак, законнасць. Гэта павінна быць аксіёмай для ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу, - упэўнены ён. - Наш Выбарчы кодэкс адпавядае міжнародным стандартам, і, акрамя таго, прытрымліваючыся рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, у парадак правядзення выбараў унесены шэраг працэдурных змяненняў". Уладзімір Андрэйчанка нагадаў, што пры Цэнтрвыбаркаме для выпрацоўкі прапаноў па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства дзейнічае міжведамасная экспертная група, якая прадоўжыць работу і пасля парламенцкіх выбараў.
У сваю чаргу Кент Харстэд прызнаўся, што ў Беларусі ў плане работы адчувае сябе камфортна. Ён адзначыў, што год таму ўжо працаваў у краіне ў час маніторынгу прэзідэнцкіх выбараў, цяпер зноў прыехаў у якасці спецкаардынатара місіі кароткатэрміновых наглядальнікаў, што дае яму магчымасць параўнання.
Кент Харстэд выказаў надзею на плённае супрацоўніцтва з беларускім бокам.
Дэпутаты ПА АБСЕ і ПАСЕ, як правіла, прымаюць удзел у кароткатэрміновым назіранні ў складзе міжнароднай місіі па назіранні за выбарамі пад эгідай БДІПЧ АБСЕ. Плануецца, што маніторынгавая місія ПА АБСЕ ў складзе ад 70 да 100 чалавек прыбудзе ў Беларусь за некалькі дзён да выбараў. Да гэтага часу Цэнтрвыбаркам акрэдытаваў 2 наглядальнікаў ад ПА АБСЕ.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 11 верасня.