23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння падпісаў указ нумар 117, якім карэкціруецца ўказ ад 26 сакавіка 1998 года нумар 157 "Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Назва памятнай даты зменена з "Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны - 22 чэрвеня" на "Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа - 22 чэрвеня".
Указ падрыхтаваны на падставе закона ад 5 студзеня 2022 года "Аб генацыдзе беларускага народа", у адпаведнасці з якім факты ўчынення нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, нацыяналістычнымі фарміраваннямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд злачынстваў, накіраваных на планамернае фізічнае знішчэнне беларускага народа, прызнаны генацыдам беларускага народа.
На тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты стварылі больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. У гэтым трагічным спісе Трасцянец, Хатынь, Азарыцкая зона смерці, Чырвоны Бераг. Паводле няпоўных даных, толькі ў лагерах на тэрыторыі Беларусі загінулі амаль 1,5 млн чалавек. На тэрыторыі краіны знішчана больш за 9 тыс. населеных пунктаў. Усяго Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара.