3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ доўжылася рэкордныя 7 гадзін 20 мінут, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На сустрэчу былі запрошаны каля 50 журналістаў, якія прадстаўляюць найбольш вядомыя дзяржаўныя і недзяржаўныя беларускія СМІ, папулярныя інтэрнэт-парталы, аўтарытэтныя замежныя масмедыя. А ўдзел у мерапрыемстве амаль сотні экспертаў, сярод якіх вядомыя палітолагі, эканамісты, прадстаўнікі партый, канфесій і грамадскіх аб'яднанняў, зрабіў гутарку яшчэ больш насычанай і плённай.
Сустрэча, якая прайшла ў фармаце "Вялікай размовы з Прэзідэнтам", з першых мінут апраўдала сваю назву. Кіраўнік дзяржавы адразу ж папярэдзіў, што закрытых тэм сёння няма і яму хацелася б абмеркаваць праблемы, якія хвалююць беларускі народ. Але не проста пачуць пытанні, а выслухаць меркаванне ўсіх прысутных.
У жывой дыскусіі былі абмеркаваны некалькі дзясяткаў тэм, у тым ліку знешняя палітыка Беларусі, вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за мінулы год, праблематыка смяротнай кары, абстаноўка ў сферы бяспекі, турыстычны патэнцыял дзяржавы, будаўніцтва БелАЭС і многія іншыя.
Так, Аляксандр Лукашэнка падрабязна расказаў удзельнікам мерапрыемства аб цяперашнім стане беларуска-расійскіх узаемаадносін, спыніўся на існуючых рознагалоссях паміж краінамі і абазначыў магчымыя шляхі іх пераадолення. Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў перагаворы аб цане на газ, канфлікты ў сферы паставак прадуктаў харчавання і ўвядзенне Расіяй пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю. "Гэтыя бяздумныя нескаардынаваныя крокі, якія толькі пагаршаюць нашы адносіны, рабіць нельга", - падкрэсліў беларускі лідар, звярнуўшы ўвагу, што Беларусь ніколі не парушала ніводнага дагавора з Расіяй.
Каменціруючы заявы літоўскага боку аб будаўніцтве Беларускай АЭС, Аляксандр Лукашэнка заклікаў суседнюю дзяржаву не палітызаваць гэта пытанне: "Палітыку трэба проста адкінуць і забыць. Эканоміка сваю ролю адыграе: калі з'явіцца танная электраэнергія, тады мы і дамовімся".
Кіраўнік дзяржавы таксама анансаваў маючыя адбыцца сур'ёзныя нарады па развіцці сфер навукі і ЖКГ, а таксама па выніках работы ўрада ў 2016 годзе. Асаблівая ўвага была звернута на прыцягненне інвестыцый у Беларусь. Прэзідэнт расказаў аб перагаворах з КНР па прыцягненні $700 млн для малога і сярэдняга бізнесу. "Я думаю, мы дамовімся, і нейкую суму будзем выдзяляць спецыяльна пад канкрэтныя праекты (сямейны бізнес і г.д.)", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Па традыцыі вялікі блок пытанняў датычыўся асабістых густаў і захапленняў Прэзідэнта па тых ці іншых пытаннях. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што носіць толькі беларускія касцюмы і праанансаваў з'яўленне шакаладу пад брэндам "Прэзідэнт". Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падзяліўся з удзельнікамі мерапрыемства думкай, што можна паглядзець у Беларусі турыстам за пяць дзён. Паводле яго слоў, прыезджым варта пабываць у Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы, Бярэзінскім біясферным запаведніку, на Нарачы, Прыпяці, убачыць Мірскі замак і іншыя выдатныя мясціны. У Беларусі беражліва захавалі прыроду, хоць такое стаўленне да яе сустракаецца не ва ўсіх краінах, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Цікава турыстам і наведванне беларускай сталіцы. "Вось гэта мы гатовы паказаць усяму свету. А самае галоўнае, што ёсць такая краіна - Беларусь, і яна адкрытая, мы не закрываемся ні ад каго", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
У час мерапрыемства таксама прагучалі пытанні, якія Прэзідэнту адрасавалі грамадзяне рэспублікі. Многія з іх датычыліся правапрымяняльнай практыкі дэкрэта нумар 3 аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што дакумент у першую чаргу нацэлены на тых, хто нідзе не працуе і не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржрасходаў, аднак жыве не па сродках і карыстаецца ўсімі дабротамі, напрыклад, бясплатнай адукацыяй і медыцынскай дапамогай.
На заканчэнне кіраўнік дзяржавы сказаў, што найлепшым вынікам сённяшняй сустрэчы будзе дапамога людзям па тых пытаннях, якія былі ўзняты. "Хачу, каб тыя, ад каго залежыць вырашэнне пытанняў, якія тут узнімаліся, пачулі мяне і не чакалі новых законаў і нарматыўна-прававых актаў - іх дастаткова. Лічыце, што я прыняў рашэнні, і гэтыя рашэнні трэба рэалізоўваць", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Тэлеверсія сустрэчы Прэзідэнта з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ будзе паказана ў эфіры беларускіх тэлеканалаў у суботу, 4 лютага.
"Наша сённяшняя сустрэча праходзіць у крыху незвычайным фармаце для многіх. Гэта і не прэс-канферэнцыя, і не інтэрв'ю. Форму нашай сённяшняй размовы дыктуе само жыццё: без дыялогу сёння нікуды, заўтра - тым больш"...
"Мы абавязкова пагаворым, як прайшоў 2016 год. Не ўсё ў нас атрымалася. Ёсць вельмі сур'ёзныя знешнія фактары - яны абсалютна вызначальныя, але многае мы не зрабілі самі. Гэта таксама трэба абмеркаваць. Галоўнае, нам удалося захаваць мір, стабільнасць і сацыяльную абароненасць людзей"...
"Зарплаты і пенсіі могуць быць павялічаны толькі тады, калі ў эканоміцы вырабім больш, якасней і прададзім па больш высокай цане"...
"Насельніцтва ў Беларусі павінна быць у 2-3 разы больш. Гэта галоўная сіла краіны"...
"Кроў з носа, але $500 павінны быць забяспечаны, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта не спантанна названая лічба. Больш таго, мы гэта праходзілі ўжо. І ў снежні мінулага года ў краіне было $412. Засталося зусім няшмат"...
"Гэты дэкрэт працуе гады два-тры. Давайце пажывём. Калі мы з вамі прыйдзем да адной высновы, што гэта анахранізм і ён не патрэбны, мы яго адменім. Не спяшайцеся. Можа, ён яшчэ шмат карыснага прыўнясе ў наша жыццё"...
"Яшчэ раз падкрэсліваю - мы жывём у рыначнай эканоміцы. Тым больш, усе хочуць у СГА - вы ведаеце, як ставяцца ў СГА да льгот"...
"Ніхто не адмяняў ільготнае жыллё. Проста стала менш грошай. Каб даць грошы на льготны крэдыт, іх трэба недзе ўзяць. І на доўгі час. А гэта грошы прадпрыемстваў і вашы грошы. Ільготнае жыллё было і ёсць, але не ў такім аб'ёме. Будзем багацейшыя - будзе больш"...
"У нас няма іншага лёсу, як будаваць нашу знешнюю палітыку як шматвектарную. Гэта было маё строгае патрабаванне - шматвектарнасць палітыкі, я хутчэй інтуітыўна гэта адчуў"...
"Пітэр Долман спачатку не ўспрымаў наогул Беларусь. Цяпер два пытанні засталіся, адно з іх - дзяржуласнасць. І тое, яны толькі пытаюцца аб перспектывах дзяржпрадпрыемстваў, не кажуць парэзаць іх на кавалкі, раздаць і прадаць"...
"Вы хочаце такімі стаць адразу? Гэтак цудаў не бывае! Трэба ісці па спецыяльнасці, ты ж вызначыў для сябе гэту спецыяльнасць - педагога, юрыста, эканаміста (дзявяць іх няма куды сёння), журналіста і гэтак далей. Ідзі і працуй"...
"Лічу, што мадэль нашага развіцця і наогул славянскіх народаў - сацыяльна арыентаваная эканоміка. Я не прымаю тут, у Беларусі асабліва, іншай мадэлі. Я вельмі ўважліва назіраю за варыянтам Расіі, Украіны і г.д. І малю Бога, каб у нас гэтага не адбылося"...
"Мы цяпер сур'ёзна рэфармуем Савет па прадпрымальніцтве", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, цяпер гэты орган працуе неэфектыўна.
"Калі запросіце, прыйду на Асамблею", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер ідзе сур'ёзнае рэфармаванне Савета па прадпрымальніцтве пры Прэзідэнце.
"Я паабяцаў, што мы ўсё да капейкі накіруем на будаўніцтва і рамонт дарог. Тут было прынята канцэптуальнае рашэнне"...
Прэзідэнт расказаў, што асабіста кантралюе стан спраў на такіх прамысловых гігантах, як МТЗ, МАЗ, "Гомсельмаш", БМЗ, параўноўвае з тым, што адбываецца на прыватызаваных прадпрыемствах, напрыклад, "Амкадоры".
"Што датычыцца дзяржрасходаў, то іх аптымізацыю, якую мы сёння праводзім, мы пачынаем якраз з сябе, вось непасрэдна з Прэзідэнта", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Так, у Палацы Незалежнасці, дзе праводзяцца важнейшыя мерапрыемствы дзяржаўнага ўзроўню, працуюць усяго тры чалавекі"...
"Што датычыцца дзяржструктур, яны ж бедныя ў нас. Дзяржслужачыя ў нас бедныя, і вы з гэтым згодзіцеся. Але я ім сказаў: пакуль не ліквідуеце лішнія функцыі і ў сувязі з гэтым не скароціце апарат - ніякага павышэння зарплаты"...
"Дзеці вельмі загружаны, ім дыхаць няма калі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - А мы хочам, акрамя школы, каб нашы дзеці займаліся крыху спортам. Для чаго? Не для паказухі, для здароўя, каб яны нармальнымі, здаровымі, прыгожымі раслі. А калі ў каго-небудзь ёсць здольнасці да музыкі, маляваць карціны, спяваць-танцаваць, дзе ўзяць гэты час?"
Аляксандр Лукашэнка назваў цяперашні стан беларуска-расійскіх адносін важнейшым пытаннем. "Тэма вельмі вострая. Баюся сказаць лішняе, з аднаго боку. А з іншага - сітуацыя ўжо дайшла да таго, што я мала што маю права ўтойваць"...
"Без расійскай нафты мы абыдземся. Нам будзе вельмі цяжка, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Але свабода, незалежнасць не ацэньваецца ніякімі грашамі". Прэзідэнт падкрэсліў: "Гэта несупастаўна, калі на адной чашы незалежнасць, а на другой - расійская, іранская, азербайджанская або амерыканская нафта".
Закранаючы перагаворы па кошце расійскага газу для Беларусі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь у 2016 годзе плаціла $107 за тыс. куб.м, хоць павінна была плаціць $83 - па формуле роўнадаходных цэн і з улікам спаду кошту нафты на сусветных рынках...
"Яны прызнаюць гэту лічбу і далі цяпер нам аж $5 млрд крэдытаў. Ну добра, узяць у нас $15 млрд праз цэны, потым нам жа даць нашы грошы (і тое, толькі трэцюю частку) пад працэнт у тры разы больш, чым МВФ. Гэта нармальна?"
"У мяне просяць забясплатна аддаць высокатэхналагічныя прадпрыемствы, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта па-брацку? Гэта прыстойна?"
"Што датычыцца пасяджэння саюзнага Савета Міністраў, Вышэйшага Дзяржаўнага Савета, паездкі на саміт ЕАЭС, маё было дакладнае разуменне і патрабаванне ў гэтым плане: аб чым гаварыць, калі не вырашаюцца пытанні, аб якіх мы дамовіліся?"
"Мы ў НАТА не імкнёмся. Мы свята беражом нашу дамоўленасць аб абароне нашай прасторы, як я заўсёды гавару, нашай Айчыны - Беларусі і Расіі"...
"Я ніколі не нарываюся на непрыемнасці. Я ўжо шмат што паспрабаваў і апёкся на ўсім, што папала. Дзе трэба, магу адступіць і быць гібкім, але, калі зневажаюць маю дзяржаву і народ, я з гэтым ніколі не зміруся"...
Вучэнні "Захад-2017" будуць адкрытымі, "на іх запросяць тых, хто хоча пераканацца ў тым, што мы ні на каго не збіраемся нападаць"...
"Таму што для таго, каб ажыццяўляць дыктатуру, трэба мець рэсурс. У нас што, ядзерная або яшчэ нейкая лятальная зброя, у нас што, эканоміка такая, што мы можам каму-небудзь дыктаваць? Таму ніякай дыктатуры"...
"Мы паабяцалі, што такія тавары прапускаць у Расію не будзем. Але калі мы атрымліваем сыравіну - малако, яблыкі, рыбу і іншае - мы перапрацоўваем яе, не пераклейваем наклейку"...
"Яны згаджаюцца, а потым на публіцы пачынаюць палітызаваць гэта пытанне. Але палітыку трэба проста адкінуць і забыць. Эканоміка сваю справу зробіць: калі з'явіцца танная электраэнергія, тады мы і дамовімся"...
"Напрыклад, МАЗ. Я не супраць, давайце скааперуемся (з расіянамі. - Заўвага БЕЛТА), адзіны рынак і гэтай далей. Цана - добра, гатовы прадаць танна, аб'яднаць МАЗ і КамАЗ. Але я баюся, каб з МАЗа ён не ператварыўся ў нейкі цэх, дзе будуць гайкі рабіць"...
"Мы вельмі хацелі б перайсці на адкрыты дыялог і дамовіліся, нарысавалі пэўную дарожную карту, як жыць будзем далей"...
"Мы не заслугоўвалі санкцый. Знялі іх - добра. Мы пачалі дамаўляцца, напрыклад, па тэкстылі і г.д. Мы хочам, каб наша эканоміка не тое што ўздыхнула за кошт Захаду, але хаця б дадатковы глыток яна павінна атрымаць"...
"Нас да гэтага павінна падвесці само жыццё, развіццё нашай краіны. Вельмі мала мы, напэўна, пражылі як абсалютна суверэнная, незалежная дзяржава"...
Прэзідэнт Беларусі адзначыў няяснасць задач з ваеннага пункту гледжання, якія павінна была б вырашыць такая база. "Што такое ў сучаснай вайне, дапусцім, супраць НАТА самалёт? Гэта 10 хвілін бою: ён узляцеў - і яго няма. Вайна сёння іншая"...
"Абсалютна вас падтрымліваю, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі палічыце патрэбным, каб я там пабываў, - калі ласка, знайду дзве-тры гадзіны, каб прыехаць на канферэнцыю, перагаварыць з людзьмі, пачуць нейкае іншае меркаванне"...
"Усё павінна быць абгрунтавана, па законе", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, гаворачы аб затрыманнях чыноўнікаў і бізнесменаў...
"Я падпісваю кожны ўказ па смяротнай кары. Вы не ўяўляеце, што са мной адбываецца. Я разумею, што пасля гэтага чалавека ўжо не будзе, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мне адразу нясуць папку - за што: фатаграфіі, аператыўныя матэрыялы і іншае. Я калі гэта бачу, у мяне кроў стыне ў жылах"...
"Часам гляджу на Еўропу, і балюча становіцца ад таго, што там адбываецца, і за тых кіраўнікоў. Стогнуць, плачуць, дзеляць гэтых беглякоў - па 500, па тысячы чалавек, а Прыбалтыка і краіны Усходняй Еўропы ўпіраюцца - не, не пусцім тысячу чалавек. А мы з Украіны, і не толькі, прынялі амаль 170 тыс. чалавек. Мы як да гэтага паставіліся? Я падпісаў указ, і мы ім прадаставілі ўсе ўмовы як беларусам. Думаеце, нам лёгка гэта было, а яны там за тысячу спрачаюцца. Давайце разам працаваць"...
"У нас ёсць усё для таго, каб працаваць справядліва і сумленна. Калі ты ўзяў зямлю для сельгаспрызначэння ў арэнду - займайся сельскай гаспадаркай, калі ўзяў зямлю пад прысядзібны ўчастак і для абслугоўвання дома - будуй дом і займайся прысядзібным участкам, толькі не хлусі"...
"Разборкі будуць жорсткія, калі паступіць сігнал аб тым, што на інвестара нехта "наехаў", - у нас зусім іншая палітыка. Калі такое будзе, давядзіце да мяне, разбяромся, у мяне ўлады для гэтага дастаткова"...
"Ва ўрадзе мы спакойна будзем ажыццяўляць кадравую палітыку з заменай людзей, калі яны абяцаюць, але нічога не робяць, ды яшчэ і калі Прэзідэнт гаворыць, што гэта трэба выканаць, яны недзе на кухні шэпчуцца, што гэтага не будзе. Не, гэта будзе"...
"Падтрымліваць спорт будзем, але галоўнае - рэзультат. Золата, серабро, бронза - тады можна прасіць, што патрэбна. Так яно і было. Прыходзіў чалавек, прасіў выдзеліць участак зямлі для будаўніцтва дома, а я адразу даю каманду, каб адказныя вырашылі пытанне, паколькі чалавек славу прынёс краіне"...
"Што трэба турысту? Каб ён прыехаў і ўбачыў нешта для сябе новае, і ў Беларусі гэта магчыма, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Нам ёсць чым ганарыцца"...
"Пакуль я Прэзідэнт, я не дапушчу таго, каб мы дзялілі людзей па тым, ведаеш ты беларускую мову ці ты яе не ведаеш. Гэтага не будзе, пакуль я Прэзідэнт. Дрэнна гэта ці добра - час пакажа", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы...
"Паводле апошніх даных, шанцы атрымаць чэмпіянат свету вельмі вялікія. Адзін з маіх сяброў, які мае непасрэднае дачыненне да хакея ў Латвіі, расказаў, што там ёсць людзі на дзяржаўным узроўні, а таксама бізнес, якія гатовы пайсці ў звязцы і падаць сумесную заяўку ў выпадку падтрымкі з боку Прэзідэнта Беларусі. Прапанова прыйшла з Латвіі і не афішыравалася"...
"Наколькі мяне інфармавалі, там ёсць нейкая прывязка да канкрэтных нейкіх кропак. Паўстае пытанне - гэта што Расія пачала праводзіць дэмаркацыю граніцы? Дык гэта перагаворны працэс, гэта ж можа выліцца ў сур'ёзны канфлікт"...
"Я не падпісаў Мытны кодэкс, таму што многае, што павінна было быць, не працуе. Больш таго, я даручыў адклікаць асноўных нашых спецыялістаў з мытных органаў. Без вырашэння праблем я нават не дакрануся да гэтага кодэкса і іншых пытанняў"...
Прэзідэнта гэтай краіны Шаўката Мірзіяева, выбранага пасля смерці Іслама Карымава, Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў са станоўчага боку, адзначыўшы таксама добрыя якасці сфарміраванай ім каманды...
"Жыллёвае будаўніцтва разглядаем з пункту гледжання лакаматыва эканомікі. Будзем старацца ствараць умовы для большага будаўніцтва. Але пра Мінск трэба паціху забываць, там мы будаваць не будзем"...
"Не ведаю, чаму вы гаворыце адразу аб рэфінансаванні. Калі гэта трэба, мы будзем аб гэтым думаць. Але пакуль мы разлічваем у бягучым годзе сваімі сіламі колькі трэба, столькі і заплаціць"...