22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Віншавальныя тэлеграмы ў адрас пятага Усебеларускага народнага сходу накіроўваюць палітычныя дзеячы з розных краін. Аб гэтым паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, выступаючы на сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прывітанні паступілі ад прадстаўнікоў 31 краіны: Аўстрыі, Азербайджана, Бангладэш, Бразіліі, Бельгіі, В'етнама, Германіі, Ізраіля, Індыі, Ірана, Казахстана, Кітая, Літвы, Польшчы, Расіі, ЗША, Турцыі, Францыі, Японіі і інш.
"У прывітанні старшыні Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Сяргея Нарышкіна падкрэсліваецца, што Усебеларускі народны сход як адна з найважнейшых форм народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь прызначаны ўнесці важкі ўклад у далейшае развіццё дзяржавы, абмеркаваць новыя задачы, актуальныя прыярытэты. А таксама змешчана пажаданне Беларусі плённай працы, міру, стабільнасці і працвітання", - адзначыў прэм'ер-міністр.
Прывітальныя тэлеграмы ўдзельнікам пятага Усебеларускага народнага сходу таксама паступілі ад розных аб'яднанняў і іх лідараў, у прыватнасці Еўразійскай эканамічнай камісіі, Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі.
"Лейтматыў прывітальных тэлеграм - падтрымка прыхільнасці Рэспублікі Беларусь прынцыпам дружбы народаў і аб'яднання намаганняў у барацьбе з сучаснымі выклікамі і глабальнымі пагрозамі і пажаданне стваральнай дзейнасці на карысць Беларусі", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.