19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі абласцей і генеральныя планы горада - спадарожніка Брэста - Жабінкі, горада - спадарожніка Гродна - Скідзеля, а таксама гарадоў - спадарожнікаў Мінска - Дзяржынска, Заслаўя, Лагойска, Рудзенска, Смалявіч і Фаніпаля. Адпаведны ўказ нумар 13 Прэзідэнт падпісаў 18 студзеня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У схемах улічаны асаблівасці кожнай вобласці, закладзеныя ў аснову распрацаваных рацыянальных мадэлей іх тэрытарыяльнай арганізацыі з устанаўленнем асноўных планіровачных восей і цэнтраў рассялення насельніцтва, што фарміруюць унутраную структуру - унутрыабласныя рэгіёны. Вызначаны таксама прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця асобных тэрыторый, інжынерна-тэхнічнай і транспартнай інфраструктуры, прадугледжаны стварэнне аптымальнай сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый рэспубліканскага і мясцовага значэння і развіццё турызму.
Як растлумачылі ў прэс-службе, рэалізацыя генеральных планаў развіцця гарадоў-спадарожнікаў будзе садзейнічаць узаемаўвязанаму развіццю гарадоў-цэнтраў з выкарыстаннем сацыяльнай інфраструктуры гарадоў-спадарожнікаў для паляпшэння абслугоўвання сельскага насельніцтва, паляпшэнню інвестыцыйнага клімату сталіцы і абласных цэнтраў за кошт пашырэння выбару інвестыцыйных пляцовак, забяспечаных працоўнымі рэсурсамі, транспартнай і інжынернай інфраструктурай.