8 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У Беларусі заўсёды будзе мірна і спакойна. Упэўненасць у гэтым выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які па традыцыі 7 студзеня, у свята Ражджаства Хрыстовага, наведаў Мінскі Свята-Духаў кафедральны сабор. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх з гэтым светлым святам і пажадаў дабра, міру ў сем'ях, краіне, а галоўнае - у душах.
Прэзідэнт падзякаваў Царкве за той вялікі ўклад, які яна ўносіць у справу ўмацавання міру і спакою на беларускай зямлі. Выказваючы самыя добрыя пажаданні ў сувязі са святам, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Вы можаце абапірацца на дзяржаву, уладу. Вы заўсёды можаце быць упэўнены, што ў нашай краіне будзе мірна і спакойна. Гэта мы гарантуем".
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў: "Думаю, што гэты няпросты год мы пройдзем паспяхова і залогам таго - дабрыня і жаданне нашых людзей жыць у міры на зямлі, падоранай нам Госпадам".
"Віншую ўсіх нашых беларусаў, усіх нашых сяброў, братоў, суседзяў. Жадаю ім таксама міру і дабра і самае галоўнае - міру нашай роднай паўднёвай суседцы. Я думаю, мы ўсё зробім для таго, каб былі мір і спакой у душах і сэрцах гэтых такіх блізкіх нам людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы разам са сваім малодшым сынам Мікалаем запаліў свечку каля Мінскага абраза Божай Маці.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўручыў Аляксандру Лукашэнку абраз Божай Маці "Траяручыца", які прывезены з гары Афон і вельмі шануецца ў свеце.
Прэзідэнт падарыў Беларускай праваслаўнай царкве сувенірнае пано. На ім рэльефна адлюстраваны Крыжаўзвіжанскі сабор у Полацку. Пано выраблена з серабра ў тэхніцы чаканкі і размешчана на кардоннай аснове. Крыжаўзвіжанскі сабор, пабудаваны ў 1893 годзе, уваходзіць у комплекс Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. У гэтым саборы захоўваюцца мошчы святой прападобнай Ефрасінні Полацкай.