30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне выпускнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Празвінеў апошні школьны званок. Адзінаццаць гадоў таму ён паклікаў на першы ўрок малышоў, а сёння праводзіць у дарослае жыццё юнакоў і дзяўчат. Цяпер думкі, планы і мары кожнага з вас накіраваны ў будучыню. Якой яна будзе, шмат у чым залежыць ад выбару прафесійнага шляху і рэалізацыі свайго прызвання. Куды б ні вёў гэты пошук, помніце: вы патрэбны сваёй Радзіме", - гаворыцца ў прывітанні.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі шмат зроблена для таго, каб маладыя людзі маглі раскрыць на роднай зямлі свае таленты, дабіцца поспеху, адчуць сябе па-сапраўднаму шчаслівымі і ўпэўненымі ў заўтрашнім дні.
"Але аўтарамі ўласнага лёсу застаяцеся вы. Стараннасць і працавітасць будуць пропускам у паспяховае жыццё. Ва ўмовах прафесійнай канкурэнцыі на вышыні будуць самыя адукаваныя, кампетэнтныя і крэатыўныя", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важна не толькі стаць высакакласным спецыялістам, але і адбыцца як асоба, сталая і адказная, прынесці карысць людзям і ўпісаць свае дасягненні ў гісторыю роднай Беларусі. "Стаўце амбіцыйныя мэты, спяшайцеся насустрач марам. Няхай лёс будзе для вас спрыяльным, жыццё - яркім, цікавым і мірным!" - пажадаў ён выпускнікам.