26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая Ваенная дактрына ўступіла ў сілу ў Беларусі. Аб гэтым гаворыцца ў законе нумар 412-З "Аб зацвярджэнні Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь" ад 20 ліпеня 2016 года, падпісаным Прэзідэнтам і апублікаваным сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Палажэнні новай Ваеннай дактрыны грунтуюцца на выніках ацэнкі ваенна-палітычнай абстаноўкі ў свеце, у тым ліку Еўрапейскім рэгіёне, прагнозу яе развіцця на сярэднетэрміновую перспектыву, навуковых даследаванняў у галіне ўзброенай абароны Беларусі, а таксама на існуючым вопыце ваеннага будаўніцтва і забеспячэння ваеннай бяспекі. Яны канкрэтызуюцца ў плане абароны рэспублікі.
"Абвяшчаючы Ваенную дактрыну, якая мае выключна абарончы характар, Рэспубліка Беларусь зыходзіць з таго, што ні адна з дзяржаў не з'яўляецца для яе праціўнікам. Рэспубліка Беларусь асуджае любы ваенны канфлікт як сродак рэалізацыі палітыкі і прытрымліваецца прынцыпу мірнага ўрэгулявання спрэчак. У той жа час Рэспубліка Беларусь будзе адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы з выкарыстаннем усіх існуючых сродкаў, у тым ліку праз прымяненне ваеннай сілы, і пакідае за сабой права прыняцця комплексу прэвентыўных мер стратэгічнага стрымлівання ў мэтах недапушчэння нападзення або нейтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту. Прымяненне ваеннай сілы разглядаецца як крайняя мера пасля вычэрпвання ўсіх магчымасцей прыняцця палітыка-дыпламатычных, прававых, эканамічных, інфармацыйных, ідэалагічных і іншых мер па забеспячэнні ваеннай бяспекі", - гаворыцца ў нарматыўным акце.
Як паведамлялася, новая Ваенная дактрына была прынята Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 16 чэрвеня 2016 года і адобрана Саветам Рэспублікі 30 чэрвеня 2016 года. Яна ўлічвае такія з'явы, як гібрыдная вайна і каляровая рэвалюцыя. Прыняцце дакумента было выклікана змяненнямі ваенна-палітычнай абстаноўкі ў свеце, характару ўзброенай барацьбы, сучаснымі тэндэнцыямі развіцця беларускай дзяржавы.