29 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая канцэпцыя правядзення парада ў Дзень Незалежнасці абмеркавана на сустрэчы ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Аб падрабязнасцях маючага адбыцца мерапрыемства расказаў журналістам міністр абароны Андрэй Раўкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў міністра, парад будзе традыцыйным, але разам з тым гледачоў чакаюць некаторыя новаўвядзенні. "Будзе павялічана колькасць пешых каробак парадных разлікаў за кошт асобных механізаваных брыгад і тэрытарыяльных войскаў, а таксама колькасць каробак механізаванай калоны - іх колькасць, паводле нашых папярэдніх разлікаў, складзе амаль 220 адзінак тэхнікі", - паведаміў Андрэй Раўкоў.
Навінкі беларускай абаронкі будуць прадстаўлены баявымі браніраванымі машынамі "Кайман" і V1, радыёрэлейнымі станцыямі, мабільнымі зенітнымі артылерыйскімі комплексамі 2К20 "Зеніт", выратавальнай і медыцынскай тэхнікай. "У поўным складзе будзе ўдзельнічаць эскадрылля з 12 верталётаў Мі-8МТВ-5, канчатковую закупку якой мы завяршылі ў маі", - звярнуў увагу кіраўнік ведамства.
Гасцямі парада стануць прадстаўнікі Заходняй ваеннай акругі Расіі. На верталётах КА-52, самалётах Су-27 і Су-34 яны ўвойдуць у склад паветранага эшалона.
Пасля завяршэння парада частку тэхнікі вырашана пакінуць на вуліцах Мінска, каб гараджане і госці сталіцы змаглі разгледзець яе бліжэй. Акрамя таго, у Дзень Незалежнасці ў горадзе будзе дэманстравацца найноўшая грамадзянская тэхніка, якая вырабляецца ў Беларусі.
Андрэй Раўкоў падкрэсліў, што парад не будзе радавым паказным мерапрыемствам. Рэпетыцыі будуць праходзіць у штатным рэжыме. "Усе затраты на правядзенне парада ўнесены ў асігнаванні, выдзеленыя Узброеным Сілам. Бюджэт не павялічыцца", - сказаў міністр.