24 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне хрысціянам Беларусі, якія святкуюць Нараджэнне Хрыстова 25 снежня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Прэзідэнт адзначыў, што хрысціянства змяніла гісторыю і культуру ўсяго чалавецтва, аказала вялікі ўплыў на фарміраванне духоўных арыенціраў - сацыяльнай справядлівасці, узаемнай падтрымкі і міласэрнасці.
"Абапіраючыся на традыцыйныя маральныя каштоўнасці, разам з верай мы перадаём нашчадкам самае галоўнае: любоў да роднай зямлі, мудрасць і вопыт папярэдніх пакаленняў, што дапамагае ствараць будучыню на прынцыпах міру, павагі і добрасуседства, такіх запатрабаваных на сучасным этапе развіцця грамадства", - гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім здароўя, шчасця і поспехаў ва ўсіх добрых пачынаннях. "Няхай гэта светлае свята напоўніць вашы дамы цеплынёй узаемаразумення і дабрабытам", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Хрысціянам Беларусі, якія святкуюць
Нараджэнне Хрыстова 25 снежня
Дарагія суайчыннікі!
Ад усёй душы віншую вас з Нараджэннем Хрыстовым.
Больш як 20 стагоддзяў Віфлеемская зорка асвятляе нам шлях дабра і надзеі. Хрысціянства змяніла гісторыю і культуру ўсяго чалавецтва, аказала вялікі ўплыў на фарміраванне духоўных арыенціраў - сацыяльнай справядлівасці, узаемнай падтрымкі і міласэрнасці.
Абапіраючыся на традыцыйныя маральныя каштоўнасці, разам з верай мы перадаём нашчадкам самае галоўнае: любоў да роднай зямлі, мудрасць і вопыт папярэдніх пакаленняў, што дапамагае ствараць будучыню на прынцыпах міру, павагі і добрасуседства, такіх запатрабаваных на сучасным этапе развіцця грамадства.
У гэты радасны дзень жадаю здароўя, шчасця і поспехаў ва ўсіх добрых пачынаннях.
Няхай гэта светлае свята напоўніць вашы дамы цеплынёй узаемаразумення і дабрабытам.
Аляксандр Лукашэнка.